Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі МЗС: Літва не саромееецца, што падтрымлівае дэмакратычныя сілы ў Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Дзяржаўная беларуская тэлевізія вінаваціць кіраўніка замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіера Саляну і міністра замежных справаў Літвы Антанаса Валёніса у дачыненьні да арганізацыі мітынгу пратэсту ў Менску. МЗС Літвы заявіў, што ня будзе камэнтаваць абвінавачаньні на свой адрас і не саромеецца таго, што падтрымлівае дэмакратычны рух у Беларусі.

Журналісты Беларускай тэлевізіі ў суботу паведамілі, што, нібыта, арганізацыяй мітынгаў у Беларусі займаецца не апазыцыя краіны, а Эўразьвяз. Асноўнымі арганізатарамі хвалі мірных мітынгаў афіцыйная тэлевізія называе Х.Саляну і А.Валёніса.

Паводле рэпартажу, нібыта загады, як ладзіць мітынг, Эўразьвяз перадаваў з Польшчы, а акцыі пратэсту ў цэнтры Менску нібыта ладзіла амбасада Літвы ў Беларусі. У якасьці “доказу” ў кадрах паказвалі амбасадара Літвы ў Беларусі Пятраса Вайцякунаса, які хадзіў па вуліцах Менску і размаўляў па мабільным тэлефоне. МЗС Літвы ня бачыць сэнсу ў афіцыйнай рэакцыі на рэпартажы беларускай тэлевізіі, кантраляваай дыктатарскай уладай.

Прадстаўніца літоўскага МЗС Віялета Гайжаўскайце паведаміла Літоўскаму нацыянальнаму радыё: (Гайжаўскайце:) “Мы камэнтуем, калі ў гэтым ёсьць сэнс. Нам няма чаго саромецца, што мы падтрымліваем дэмакратычныя сілы ў Беларусі і няма чаго тлумачыцца зь беларускай тэлевізіяй. Нашая пазыцыя ўжо выказаная ў шматлікіх заявах.”

Беларуская тэлевізія таксама паведаміла, што ў ліку затрыманых у суботу 25 сакавіка ёсьць нямала грамадзянаў Украіны, Польшчы, Літвы. Пасьля ранейшых затрыманьняў на Кастрычніцкай плошчы таксама паведамлялася, што ў ліку затрыманых – грамадзяне Літвы, але, паводле літоўскай амбасады ў Беларусі, гэта не пацьвердзілася – у ліку затрыманых літоўскіх грамадзянаў ня было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG