Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін знаходзіцца ў Жодзінскім ізалятары (абноўлены)


Радыё Свабода Затрыманага 25 сакавіка Аляксандра Казуліна, які вёў калёну дэманстрантаў на Акрэсьціна, трымаюць у Жодзінскім ізалятары. Ягоная жонка адкідае абвінавачаньні, выстаўленыя міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым.

Пра тое, што Аляксандра Казуліна пасьля затрыманьня 25 сакавіка адвезьлі ў Жодзіна і трымаюць там у мясцовым ізалятары, жонцы палітыка Ірыне стала вядома прыкладна ў 12.30. Гэта пацьвердзіў дзяжурны ізалятару. Раней у Міністэрстве ўнутраных справаў і пракуратуры не паведамлялі, дзе знаходзіцца былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін.

Паводле Ірыны Казулінай, яе мужа падазраюць у хуліганстве. Вось як яна пракамэнтавала ўчорашнюю заяву міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава адносна заклікаў Аляксандра Казулін падчас мітынгу ў сквэры Янкі Купалы.

(Казуліна: ) “Тое, што заяўляў Навумаў на прэсавай канфэрэнцыі, ня мае ніякіх падставаў. Усе тры абвінавачаньні — усё гэта хлусьня. Чалавек хлусіць. Калі Казулін казаў пра Акрэсьціна, сэнс быў такі: пойдзем на Акрэсьціна, каб падтрымаць нашых дзяцей, сваякоў, якія там знаходзяцца без падставаў. Каб яны пачулі нас, што не адны, што іх падтрымліваюць”.

Нагадаем, Уладзімер Навумаў казаў учора журналістам, нібыта Казулін заклікаў “штурмаваць ізалятар на Акрэсьціна” і нават “фізычна ліквідаваць кіраўніка дзяржавы”.

Ірына Казуліна паведаміла, што да яе мужа не дапускаюць адваката. Дзяжурны сказаў, што затрыманы ні на што ня скардзіўся і ў мэдычнай дапамозе не мае патрэбы. Жонка палітыка ў гэта ня верыць. Яна спасылаецца на здымкі затрыманьня яе мужа, на якіх добра відаць, што яго білі. Паводле зьвестак Ірыны Казулінай, яе мужа падазраюць ня ў закліках зрынуць уладу, а ў хуліганстве. Самае лёгкае пакараньне паводле гэтага артыкулу — грашовы штраф, самае жорсткае — 7 гадоў зьняволеньня. У прэсавай службе МУС заяўляюць, што яшчэ вядзецца праверка і абвінавачаньне Аляксандру Казуліну не прад’яўлена.

Колькі ўсяго людзей было затрымана падчас падзеяў 25 сакавіка? У прэсавай службе МУС такіх зьвестак не даюць. У Інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, нібыта міліцыя паведаміла пра 52 затрыманых. Праваабаронца Алесь Бяляцкі мяркуе, што было затрымана ня менш за сто чалавек. Алесь Бяляцкі спасылаецца на СМС-паведамленьне ад аднаго з затрыманых, што ў іх аўтобусе было болей за трыццаць чалавек. Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў, было напоўнена чатыры аўтобусы.
XS
SM
MD
LG