Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Твары і галасы Плошчы”: новая перадача ранішняй Свабоды


Радыё Свабода Мы пачынаем цыкл партрэтаў прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля разгрому намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя. Сярод тых, хто сядзіць сёньня ў спэцпрымальніку на Акрэсьціна, -- 20-гадовы Антон Тарас, студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту. Затрыманы днём 23 сакавіка, калі пасьля ночы на плошчы разам з маці, журналісткай Аленай Лукашэвіч, вяртаўся дадому. Зараз Антон Тарас за кратамі. Зь яго сямьёй размаўляў Аляксандар Уліцёнак.

Раніцай таго самага дня мы размаўлялі зь дзядулем Антона – вядомым беларускім пісьменьнікам Валянцінам Тарасам. Мы яшчэ ня ведалі, што здарыцца праз гадзіну.

(Валянцін Тарас: ) “Дастаткова сказаць, што мой унук на гэтай плошчы начаваў тры ночы – мне, вядома, страшна за яго... Я ночы ня сплю, але не магу сказаць яму: ня йдзі! Бо гэта тое, што я сам пасеяў...”

У 1943-м, хлапчуком, спадар Валянцін пайшоў у партызаны. І з тае пары лічыць, што чалавек выбірае свой лёс у маладосьці. Сын спадара Валянціна – журналіст Віталь Тарас – усьлед за бацькам далучыўся да беларускага адраджэньня, напачатку 1990-х актыўна ўдзельнічаў у акцыях дэмакратычнай апазыцыі. Я зьвязаўся зь ім адразу, як даведаўся пра арышт сына і жонкі.

(Віталь Тарас: ) “Напалову добрая навіна: пазваніла жонка, 20 хвілін таму – яе судзілі, прысудзілі два ці тры мінімальныя заробкі... Антона ж пакуль не судзілі. Але ўсё троху лягчэй...”

(Карэспандэнт: ) “А што Алене інкрымінавалі?”

(Віталь Тарас: ) “Арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаванай акцыі...”

(Карэспандэнт: ) “Яна была ў шпіталі, і вось па дарозе...”

(Віталь Тарас: ) “Яна выпісалася, але вельмі кепска сябе адчувае... Мы размаўлялі па тэлефоне, жонка сказала, што вось зараз сядуць з сынам у машыну і прыедуць дадому. Але пасьля гэтага іх доўга не было, тэлефон не адказваў. Тады я пайшоў да “Журавінкі”, убачыў машыну. Пустую...”

(Карэспандэнт: ) “Скажы, калі ласка, Віталь: а хто глядзіць двухгадовую малышку Антона?”

(Віталь Тарас: ) “Жонка ягоная”.

(Карэспандэнт: ) “Канечне, яна таксама хвалюецца, перажывае?”

(Віталь Тарас: ) “І зразумела: у Цэнтральным РАУСе не хацелі нізавошта прымаць заяву аб зьнікненьні жонкі й сына... Сказалі, што няма такіх. Падманулі... Гэтыя людзі ня могуць ні слова без маны. Гэта проста такое жахлівае, недарэчнае становішча – у якім брудзе, у якім дзярме яны самі апынуліся і хочуць запэцкаць астатніх”.

Яшчэ праз гадзіну пасьля нашай размовы стала вядома: Антон атрымаў адзінаццаць сутак. Віталь з Аленай паехалі да спэцпрымальніку на Акрэсьціна.

(Алена Лукашэвіч: ) “Мы з мужам правялі адзінаццаць гадзінаў пад разьмеркавальнікам, каб перадаць яму цёплую вопратку, нейкую ежу, але ніводнай перадачы не ўзялі”.

Гэта ўдалося зрабіць толькі 25 сакавіка – якраз на Дзень Волі. Алена Лукашэвіч выдатна ведае, у якіх умовах знаходзіцца цяпер яе сын, бо сама была там. Кажа: можна зьмірыцца з холадам у камэрах, з дрэннай ежай, каб не...

(Алена Лукашэвіч: ) “...каб ня гэтыя людзі, якія там працуюць – яны размаўляюць з табой, глядзяць на цябе... Быццам ты нейкі злодзей, злачынца... І гэта ўсё настолькі жахліва, што ўжо становіцца абсалютна неістотным, якія там сьцены, краты, падмуркі ўсе... Я спадзяюся, што нашыя дзеці моцныя – яны ўсё вытрымаюць...”

Зноў тэлефаную Валянціну Тарасу.

(Валянцін Тарас: ) “Зараз пішу публіцыстычныя нататкі “Старыя ісьціны”. Сапраўды, тое, што адбываецца, ужо ўсё неаднаразова было. Старыя ісьціны таму вартыя і таму каштоўныя, што яны вечныя. І ніхто й ніколі ня зможа іх аспрэчыць. Таму што яны пачынаюцца яшчэ са Сьвятога пісаньня.

Вось за гэтыя старыя ісьціны й стаіць Кастрычніцкая плошча, наша моладзь. Стаім і будзем стаяць усе мы...”
XS
SM
MD
LG