Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спадзяёмся, што ў камэрах людзі дапамагаюць адзін аднаму”


Уладзімер Глод, Менск "Генэральным штабам беспарадкаў" назвала Беларускае тэлебачаньне амбасаду Літвы ў Беларусі, камэнтуючы апошнія падзеі ў Менску. Дзяржаўнае тэлебачаньне абвінаваціла ў арганізацыі вулічных акцый акрэдытаваныя ў Беларусі дыпляматычныя місіі краін Эўразьвязу.

Раніцай 26 сакавіка ля амбасадаў Злучаных Штатаў Амэрыкі ды Польшчы ў Менску сябры БРСМ (Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі) — каля паўсотні чалавек — з афіцыйнымі беларускімі сьцягамі правялі пікетаваньне. Яны выкрыквалі: "Молодежь не разменная монета — это знает вся планета", "За Лукашенко!" ды іншае. “А ў панядзелак, 27 сакавіка, БРСМ будзе пікетаваць амбасады Францыі й Літвы”, — сказаў першы сакратар ЦК гэтай арганізацыі Міхаіл Орда.

“Інфармацыя пра пікетаваньне, як і ўсё іншае, што тычыцца непасрэдна Літвы, будзе ўключана ў справаздачы амбасады Літоўскай Рэспублікі, што апэратыўна перадаюцца ў Міністэрства замежных спраў нашай краіны”, —падкрэсьліў амбасадар Пятрас Вайцякунас:

(Вайцякунас: ) "Мы зьбіраем усю інфармацыю— і з мэдыяў, і непасрэдна зь месцаў, дзе адбываліся падзеі ў Беларусі. Мы перадаём гэтую інфармацыю ў Міністэрства замежных спраў нашай краіны. І Міністэрства будзе ацэньваць сытуацыю ды рабіць адпаведную ацэнку".

Пятрас Вайцякунас паведаміў, што амбасада пакуль ня мае інфармацыі наконт затрыманьняў літоўскіх грамадзянаў падчас падзеяў 25-га сакавіка.

У амбасадзе Польшчы ў Беларусі зьдзіўлены агучаным на БТ цьверджаньнем, што "інструкцыі для апазыцыі рэгулярна прыходзілі з сумежных краін, у прыватнасьці, з Польшчы". Дагэтуль у амбасадзе ня ведаюць, ці былі ўчора затрыманы ў Менску іхныя суайчыньнікі. А вось былы амбасадар у Беларусі Марыюш Машкевіч і журналістка Вераніка Самаліньска, якіх затрымалі падчас разгону намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы, па-ранейшаму застаюцца ў ізалятары на Акрэсьціна.

“Учора перадаць ім спальнікі, якія набылі супрацоўнікі амбасады з просьбы арыштаваных, не атрымалася”, — гаворыць прэсавы сакратар амбасады Моніка Садкоўска:

(Садкоўска: ) "Нашы консулы паехалі якраз тады, як маніфэстацыя накіравалася ў кірунку да Акрэсьціна. І яны папросту ня здолелі там праехаць. Арыштаваныя папрасілі купіць ім спальнікі. Гэта заняло пэўны час. І нашы супрацоўнікі не пасьпелі. Застаецца спадзявацца, што ў камэрах людзі дапамагаюць адзін аднаму".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG