Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што маглі зрабіць гэтыя дзеці, калі супраць іх — АМАП, дубінкі, зброя?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тое, што на працягу пяці дзён і начэй над цэнтральнай плошчай Менску, насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, для многіх у Беларусі здавалася неверагодным. Ужо адзінаццаць гадоў гэты сьцяг забаронены. За адно зьяўленьне зь ім у грамадзкіх месцах сотні людзей былі пакараны арыштамі й штрафамі. І раптам — гэтая нечаканая шматдённая акцыя моладзі ў цэнтры сталіцы, якую столькі дзён не адважвалася чапаць улада. Што здарылася зь людзьмі, якія яшчэ ўчора, здавалася, не былі гатовыя да такіх учынкаў? І з уладай, якая раптам спынілася і чакала амаль тыдзень, перш чым аддаць звыклы загад на гвалтоўны разгон дэманстрантаў?

На гэтыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”. Пачну размову з электроннага допісу ад Ігара Бекеша зь Менску. Ён піша:

“Паважаная “Свабода”. Хачу выказаць сваё захапленьне людзьмі, якія адстойваюць нашу будучыню і будучыню нашых дзяцей на плошчы, якая абавязкова будзе насіць імя Кастуся Каліноўскага. І што б ні казалі пра нямэтазгоднасьць і бяссэнсоўнасьць іхных дзеяньняў, яны зрабілі свой выбар — і вартыя павагі. Вядома, тыя, хто кіруе Беларусьсю, так проста ўлады не аддадуць, бо разумеюць, што давядзецца адказваць за ўсё ўчыненае. Але так, як было раней, ужо ня будзе. І гэта дзякуючы тым, хто ў гэтыя дні быў на плошчы. Подпіс: Ігар Бекеш, Менск”.

Цяжка сказаць, спадар Бекеш, ці маеце вы рацыю, калі сьцьвярджаеце, што “так, як было раней, ужо ня будзе”. Акцыя пратэсту ўрэшце разагнаная, як і ўсе ранейшыя. У Беларусі па-ранейшаму штодня працягваюцца арышты палітычна актыўных людзей… Менская Кастрычніцкая плошча толькі нязначна нагадвала кіеўскі Майдан узору 2004 году. І ўсё ж гэтая невялічкая тэрыторыя “Свабоды” ў цэнтры Менску, сапраўды, існавала — насуперак усім відавочным абставінам. І гэта зьдзівіла, здаецца, нават саму ўладу, якая выкарчоўвала любое іншадумства на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя.

Электронны ліст ад менскага студэнта Аляксандра Атанатава. Ён піша:

“Паважаны спадар Жданко! Я вучуся на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ. Ужо некалькі дзён удзельнічаю ў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Калі знаходзісься там, ня можаш не заўважыць, што многія ўжо стаміліся. Ім патрэбна маральная падтрымка, асабліва ад тых людзей, якія папулярныя сярод моладзі. Кожнае іх зьяўленьне (напрыклад, таго ж Лявона Вольскага) вельмі моцна паднімае настрой замерзлых, запалоханых людзей. У Расеі ёсьць шмат людзей зь лібэральнымі поглядамі, якія папулярныя і аўтарытэтныя ў нас у Беларусі. Чаму яны не падтрымліваюць нас? Гэта пытаньне нават не палітыкі, а дапамогі людзям, якія бясстрашна выйшлі абараняць сваю свабоду. І, магчыма, якраз іхная падтрымка стане вырашальнай”.

У Расеі, Аляксандар, дастаткова добра ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Як расейскія дзеячы рэагуюць на падзеі ў Беларусі і ці рэагуюць увогуле — гэта справа іхнага асабістага маральнага выбару. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў беларускі эфір на працягу некалькіх тыдняў быў запоўнены трансьляцыяй канцэртаў “За Беларусь!” у падтрымку дзейнай улады, у якіх удзельнічалі дзясяткі прадстаўнікоў расейскага шоў-бізнэсу, кожны выступ якіх на сцэне каштуе дзясяткі тысяч даляраў.

На Кастрычніцкай плошчы расейскіх артыстаў відаць не было. Але вырашальнае значэньне, Аляксандар, мае падтрымка зусім ня тых чужых “зорак”, а найперш — самога беларускага грамадзтва.

Яшчэ адзін ліст, таксама зь Менску, ад Паўла Бобрыка:

“Штодня праходжу побач з Кастрычніцкай плошчай. Гляджу на гэтых дзяцей. Шкада іх. Шчырыя, сьветлыя твары. Але што яны могуць зрабіць, калі супраць іх — АМАП, дубінкі, зброя? Вось калі б на плошчы стаялі ня дзьвесьце чалавек, а хаця б сто тысяч… Нічога ня зробяць гэтыя хлопцы і дзяўчаты. Толькі пакалечаць свае лёсы, падарвуць здароўе. Іх жа ўсіх здымаюць на камэру. Потым павыключаюць з ВНУ, не дадуць працы… Бедныя бацькі, бедныя дзеці. Хочацца плакаць. Малюся за іх, каб Пан Бог даў ім сілы і вытрымкі, каб дапамог ім не зламацца ў жыцьці. Ведаю, што праўда на іх баку, але ўсё гэта — бессэнсоўна і марна”.

Гэтак жа, як вы, спадар Бобрык, разважаюць у Беларусі сотні тысяч людзей. Яны не сумняюцца ў тым, на чыім баку праўда і справядлівасьць, але адначасова ня вераць ні ў свае сілы, ні ў тое, што за гэтай невялікай групай моладзі можа пайсьці грамадзтва. Але перамагае не заўсёды той, у каго большая сіла. Ды і сіла — не ва ўзброеным АМАПе і ня ў войску, а ў праўдзе і справядлівасьці.

Наш слухач Леў Закрэўшчын зь Менску паведамляе, што слухае “Свабоду” ўжо паўстагодзьдзя. Мінулыя выбары ён лічыў для сябе апошнім шанцам на тое, каб убачыць радзіму свабоднай. Зьвяртаючыся да сваіх равесьнікаў-пэнсіянэраў, Леў Закрэўшчын піша:

“Калі вы хочаце дабра сваім унукам і праўнукам, то не перашкаджайце ім выказваць уласную волю, адстойваць уласную пазыцыю. Не змушайце іх. Трэба іх выслухаць і зразумець тую простую рэч, што ня НАМ, а ІМ жыць далей і выбіраць сабе будучыню. Гэта нам толькі здаецца, што мы — разумнейшыя за іх, а на самай справе ўсё наадварот. Калі б кожнае наступнае пакаленьне было дурнейшае за папярэдняе, дык людзі ўжо даўно скакалі б па ліянах, а не асвойвалі космас і не карысталіся Інтэрнэтам. Да гэтых іхных ведаў нам, старым, ужо не дацягнуцца. Просты прыклад: хто з нашых бацькоў мог уявіць, што ў ягоных дзяцей і ўнукаў будуць кішэнныя тэлефоны? І так ва ўсім”.

Думаю, спадар Закрэўшчын, трэба быць мудрым чалавекам, каб прыйсьці да гэткай высновы ва ўзаемадачыненьнях са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Далёка ня ўсе людзі сталага веку здольныя на гэта. Калі вы былі ў гэтыя дні на Кастрычніцкай плошчы, то, напэўна, бачыліся і размаўлялі там са сваімі раўналеткамі: удзень немаладых людзей побач з намётамі моладзі зьбіраецца нямала. Там узьнікаюць цэлыя дыскусійныя клюбы, і часам спрэчкі даходзяць ледзь не да бойкі. Напэўна, вы, спадар Закрэўшчын, з такімі ўяўленьнямі пра ролю і месца свайго пакаленьня былі б там у меншасьці. Але і аднадумцаў сваіх вы там знайшлі б нямала. Хоць бы зь ліку жвавых бабулек з тэрмасамі, якія па-партызанску бясстрашна абмінаюць міліцэйскія кардоны, каб сагрэць гарачай кавай сваіх і чужых унукаў, што начуюць у заледзянелых намётах.

Аб настроях у асяродзьдзі пэнсіянераў разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” і наша слухачка Людміла Пацоўская зь Пінску. Яна піша:

“Мне 69 гадоў. Часта заводжу размову пра цяперашняе жыцьцё са сваімі аднагодкамі. Асноўная ежа для большасьці зь іх — гэта сьвіныя галовы ды курыныя лапы (не кумпячкі, а менавіта лапы, на якіх ходзяць куры). І што ж? Многія з гэтых старых гавораць, што нават памерці хочуць пры Лукашэнку. Калі зьбіралі подпісы, я вырашыла падпісацца за Мілінкевіча. Сталая жанчына, якая бачыла гэта, стала мяне абражаць, назвала “пазьнякоўкай”. Яны ж нічога не глядзяць па тэлевізары — аднаго Лукашэнку.

Яшчэ хачу сказаць, што некаторыя абвінавачваюць Лябедзьку і Ганчара, што зь іх дапамогай Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Але Ганчар зьнік, і ніхто яго не шукае. А на Лябедзьку столькі бруду вылілі, столькі разоў яго штрафавалі і арыштоўвалі, што ня ведаю, як ён і вытрымлівае. Калі Мілінкевіч прыяжджаў у Пінск на сустрэчу з выбаршчыкамі, я пераканалася, што не памылілася, калі падпісалася за яго. У залю прыйшлі правакатары, каб сарваць сход. Але ён так умела кіраваў заляй, што ў правакатараў нічога не атрымалася, і яны вымушаны былі сысьці”.

Відавочна, трэба з разуменьнем ставіцца да гэтай асаблівасьці многіх людзей сталага веку, для якіх любы атрыбут савецкага мінулага атаясамліваецца з тым блаславёным для іх часам, калі самі яны былі маладымі і дужымі, сьвет наўкол іх — простым і зразумелым (падзеленым на сваіх і чужых), а будучыня здавалася сьветлай і бясхмарнай, як у праграме КПСС. Лукашэнка са сваімі спробамі рэанімацыі хоць бы фрагмэнтаў савецкага мінулага — гэта для іх у пэўнай ступені рэванш, апраўданьне ілюзіяў, салодкі самападман на схіле гадоў. Ва ўмовах гэтага самападману падаюцца далікатэсамі нават сьвіныя галовы і курыныя лапы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG