Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У спэцпрыёмніку на Акрэсьціна адмаўляюцца прымаць лекі для Паўла Шарамета


Радыё Свабода Толькі сёньня раніцай прэсавая служба Міністэрства ўнутраных справаў пацьвердзіла, што кіраўнік аддзелу спэцыяльных праектаў расейскага Першага тэлевізійнага каналу Павел Шарамет перавезены ў спэцпрыёмнік на вуліцы Акрэсьціна. Да гэтага ён знаходзіўся пад аховай супрацоўнікаў спэцслужбаў ў Менскім гарадзкім інфэкцыйным шпіталі. Паводле дыягназу, у Паўла Шарамета двухбаковая пнэўманія.

Са словаў маці Паўла Шарамета Людмілы Станіславаўны, спробы перадаць сыну лекі й харчы пакуль беспасьпяховыя. У кіраўніцтве спэцпрыёмніку заяўляюць, што гэтага нельга рабіць да прысуду.

Як паведаміла Радыё Свабода сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сьвятлана Калінкіна, у расейскую амбасаду накіраваны зварот БАЖ вылучыць да беларускай улады патрабаваньне аб вызваленьні журналіста. Пратэсты на затрыманьне Паўла Шарамета выказваюць расейскія палітыкі, партыі й праваабарончыя арганізацыі, у прыватнасьці, Барыс Нямцоў, Валянцін Гефтэр, Сяргей Мітрохін.

Павал Шарамет быў затрыманы ў Менску ў першай палове дня 25 сакавіка. Афіцыйна яму прад’явілі абвінавачаньне ў лаянцы, зьнявазе супрацоўнікаў міліцыі й прэзыдэнта. Са словаў затрыманага, ён адмовіўся падпісваць гэты пратакол, а напісаў тлумачэньне, што прыехаў у Менск да бацькоў. Раней Павал Шарамет таксама паведаміў, што дакумэнты, грошы й тэлефон у яго адабралі.
XS
SM
MD
LG