Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ПА НАТО: Беларусь быццам у Варшаўскай дамове


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сталая Камісія (кіраўнічы орган) Парлямэнцкай асамблеіі НАТО ў часе паседжаньня ў Гдыні ў адмысловай рэзалюцыі заклікала правесьці ў Беларусі паўторныя прэзыдэнцкія выбары, прызнаўшы, што перамога цяперашняга кіраўніка краіны 19 сакавіка - незаконная.

Галоўная адметнасьць рэзалюцыі Сталай Камісіі Парлямэнцкай асамблеі НАТОў тым, што ў ёй утрымліваецца заклік да Расеі – далучыцца да галасоў дэмакратычных краінаў сьвету ў ацэнцы беларускіх выбараў і націснуць на рэжым Лукашэнкі, каб той “пачаў працэс грамадзкіх рэформаў”.

Паводле прадстаўніка Польшчы ў Камісіі, дэпутата Сэйму Марыяна Пілкі, гэта “фактычна азначае, што на Расею ўскладаецца адказнасьць за сытуацыю ў Беларусі”.

Удзельнікі паседжаньня Сталай Камісіі, якое было закрытым для мэдыяў, вырашылі запрасіць кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча на сэсію Парлямэнцкай асамблеі НАТО, што адбудзецца сёлета ў траўні ў Парыжы.

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі НАТО П’ер Лялюш заявіў Радыё Свабода, што цяперашнія паводзіны Беларусі можна параўнаць з паводзінамі Савецкага Саюзу.

(Лялюш: ) “Спадар Лукашэнка адмовіўся выдаць візы сябрам дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі НАТО, якія хацелі паехаць на выбары ў якасьці назіральнікаў. Я напісаў яму ліст, але адказу не было – дакладна як у савецкія часы, маўляў НАТО – гэта сіла д’ябла. Нашыя адмыслоўцы ў справах Беларусі лічаць, што нават да 50% з тых 82% галасоў, што атрымаў Лукашэнка, маглі быць фальсыфікаваныя. Мы будзем працягваць дамагацца свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, дапамагаць апазыцыі і ціснуць на беларускія ўлады. Беларусь як бы дагэтуль застаецца ў Варшаўскай дамове”.

У склад Парлямэнцкай асамблеі НАТО ўваходзяць каля 400 дэпутатаў з 26 краінаў-сяброў паўночнаатлянтычнага альянсу і 15 краінаў, якія маюць статус назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG