Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх умовах сустрэлі гэтую нядзелю тыя людзі, каго арыштавалі на Дзень Волі?


Радыё Свабода, Менск Наш карэспандэнт сустрэўся з абаронцай намётавага лягеру, якую днямі выпусьцілі з ізалятару на Акрэсьціна.

Дзясяткі чалавек былі затрыманыя ўчора ў Менску падчас адзначэньня Дня Волі. У якіх умовах давялося ім правесьці мінулую ноч?

Гэтую размову я запісаў зь дзяўчынай, якая ўжо выйшла зь ізалятару на Акрэсьціна. Яе затрымалі ў першыя дні абароны намётавага лягеру, калі ў ізалятары ўжо сядзела болей за 200 чалавек. Дзяўчыну зьмясьцілі ў новы корпус ізалятару, ў камэрах якога яшчэ не пасьціралася пабелка. Умовы там аказаліся больш камфортныя, чым ў старым корпусе: ёсьць двухпавярховыя ложкі, але таксама бяз спальных прыладаў. Галоўнае - прыбіральні ў камэрах новага корпусу хаця б агароджаныя, ва ўмывальніку ёсьць халодная і гарачая вада. Але што да ежы, то яна нічым не адрозьніваецца ад таго, чым кормяць ў старым корпусе. Мая суразмоўца назвала ежу “неядомай”.

(Дзяўчына: ) “Сапраўды, як кажуць на БТ, нас кармілі катлетамі. Але, магчыма з-за таго, што там дрэнная вада, грэчневая ды іншыя кашы, якія яны там вараць, дрэннай якасьці. Пра катлеты я ўвогуле не кажу – усё мясное есьці там немагчыма. Харчаваньне двухразовае, на сьняданак даюць суп і ён больш-менш. Даюць гарбату, якую цяжка назваць гарбатай, і даюць шмат хлеба. Грам па 300 на чалавека кожны раз. Такім чынам, калі людзям не прынесьці перадачы, то схуднеюць там вельмі моцна”.

Паводле маёй суразмоўцы, збольшага стаўленьне міліцыянтаў да вязьняў нармальнае. Дзяўчына распавядала, што з затрыманымі вельмі жорстка абыходзіліся спэцназаўцы, у аўтобусе хлопцаў зьбівалі, а вось міліцыянты ў ізалятары патрабавальныя, але карэктныя і зьнявагаў ня робяць. Спэцназаўцы ж адразалі валасы на галовах нават ў дзяўчат.

Ці патрапяць затрыманыя 25 сакавіка ў ізалятар на Акрэсьціна? Мая суразмоўца не выключае, што калі ўчора было затрымана болей за 100 чалавек, то частка зь іх можа апынуцца ў Жодзінскім ізалятары. Туды, як вядома, ужо было зьмешчана ад 100 да 150 абаронцаў намётавага лягеру пасьля яго разгрому ў ноч на 24 сакавіка. Пра умовы ў Жодзінскім ізалятары вядома мала. Дзяжурны сказаў Радыё Свабода, што там “усё нармальна, няма чаго хвалявацца” і нават паведаміў, што ў іх трохразовае харчаваньне. Аднак мая суразмоўца ведала, што Жодзінская турма лічыцца самай жорсткай у Беларусі. Яна ня думае, што ў Жодзінскім ізалятары лепш, чым на Акрэсьціна. Я згадваю, што раней пра ізалятар ў Жодзіне мне распавядаў праваабаронца Валер Шчукін. Ён пагаджаўся, што бытавыя ўмовы і харчаваньне там ня самыя горшыя, але скардзіўся на абыходжаньне ахоўнікаў, вельмі жорсткае і часам зьняважлівае. Валер Шчукін тлумачыў гэта тым, што ў ізалятары працуюць тыя самыя вартаўнікі, якія ў іншыя дні дзяжураць у Жодзінскай турме, у тым ліку ў корпусе для пажыцьцёва зьняволеных. Гэтым ён тлумачыў іх надзвычай жорсткае абыходжаньне з затрыманымі.

Дзяжурны ізалятару сказаў, што перадачы можна будзе перадаваць ужо ў панядзелак пасьля сьняданку, калі затрыманых асудзяць і прывязуць з суду ў ізалятар.
XS
SM
MD
LG