Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія палітыкі заклікаюць абараніць Паўла Шарамета


Радыё Свабода Гвалтоўны разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску асудзілі расейская і украінскія палітыкі і праваабаронцы. Расейскія прадстаўнікі выказваюць абурэньне ў сувязі з затрыманьнем журналіста Паўла Шарамета.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Мэмарыял” Алег Арлоў заявіў, што “беларуская ўлада паказала свой сапраўдны твар”. Намесьнік кіраўніка расейскага бюро праваабарончай арганізацыі “Human rights watch" адзначыў, што падзеі ў Менску – працяг кампаніі выбараў прэзыдэнта Беларусі, якая праводзілася з грубымі парушэньнямі дэмакратычных нормаў.

Паводле дарадцы прэзыдэнта Украіны Уладзіслава Каськіва дзеяньні Лукашэнкі выйшлі нават за традыцыйныя рамкі таталітарнага стылю кіраваньня на постсавецкай прасторы, і ня могуць заставацца без жорсткай міжнароднай рэакцыі ня толькі з боку ўсясьветнай супольнасьці, але і краінаў суседзяў, у тым ліку Расеі і Украіны. Украінскі МЗС паведамляе пра затрыманьне ў Менску 25 сакавіка чатырох грамадзянаў Украіны і заклікае беларускія ўлады вызваліць іх і другіх затрыманых ў часе правядзеньня акцый пратэсту.

Лідэры расейскіх партый “Саюз правых сил” і “Яблоко” лічаць, што Расея павінна даць жорсткую ацэнку падзеям у Менску 25 сакавіка. Паводле лідэра СПС Мікіты Бялых, сілавы разгон мірнай маніфэстацыі 25 сакавіка сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады ня спыняцца ні перад чым. Гэтыя падзеі прадэманстравалі, што беларуская апазыцыя дастаткова масавая і мае сыстэмны характар і будзе дамагацца прызнаньня нелегітымнасьці прэзыдэнцкіх выбараў, заявіў Мікіта Бялых.

Намесьнік старшыні партыі “Яблоко”, дэпутат Маскоўскай гарадзкой думы Сяргей Мітрохін лічыць, што Расея павінна неадкладна ўнесьці ноту пратэста ў сувязі са зьбіцьцём і арыштам расейскага журналіста Паўла Шарамета, а таксама высьветліць, ці ёсьць сярод пацярпелых расейскія грамадзяне, і прыняць захады для іх вяртаньня ў Расею.

Расейская дзяржава павінна нарэшце абараняць сваіх грамадзянаў, і хопіць цярпець агіднасьць у Беларусі, лічыць дырэктар Інстытуту правоў чалавека, вядомы расейскі праваабаронца Валянцін Гефтэр, камэнтуючы для інтэрнэт-сайту belaruspartizan.org затрыманьне і зьбіцьцё Паўла Шарамета. Праваабаронца лічыць, што беларускія ўлады зводзяць рахункі з журналістам.

Адзін з лідэраў СПС Барыс Нямцоў узрушаны тым, што расейскае кіраўніцтва ня можа абараніць сваіх грамадянаў, у тым ліку і вядомых журналістаў Першага каналу, паколькі яно лічыць Лукашэнку лепшым сябрам. Павал Шарамет зьяўляецца сябрам беларуска-расейскай праваабарончай камісіі Рады пры прэзыдэнце Расеі. Ён быў затрыманы і зьбіты 25 сакавіка ў Менску. Спачатку яго накіравалі ў шпіталь, паколькі Павал хварэў на двухбаковае запаленьне лёгкіх, але потым, паводле belaruspartizan.org яго вывезьлі са шпіталю ў невядомым кірунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG