Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя ўдзельнікі акцыі 25 сакавіка знаходзяцца ў Жодзінскім ізалятары


Любоў Лунёва, Менск Іх будуць судзіць заўтра, калі пачнуць працаваць суды. Сярод затрыманых арганізатар шэсьця да спэцпрымальніка-разьмеркавальніка па вуліцы Акрэсьціна Аляксандр Казулін. Некаторым удзельнікам акцыі ў выніку брутальнага разгону дэманстрацыі спатрэбілася мэдычная дапамога.

У выніку разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага былі жорстка зьбітыя некалькі дзесяткаў чалавек. Салдаты кідалі людзей на зямлю, а потым зьбівалі іх нагамі і дубінкамі. Пасьля першай атакі некалькі чалавек засталіся ляжаць на зямлі. Салдаты, якімі кіраваў палкоўнік Паўлічэнка, не рабілі выключэньня для жанчынаў.

Вядомыя прозьвішчы двух пацярпелых – Алеся Цішука і Сяргея Атрошчанкі. У абодвух чэрапна-мазгавыя траўмы і шматлікія ўшыбы. Апроч таго, у Алеся Цішука сур’ёзная траўма нагі. Людзей даставілі ў чацьвёрты клінічны шпіталь. У прыёмным пакоі дзяжурны лекар распавёў Радыё Свабода.

( Лекар:) “Быў удар па галаве. Неадэкватны… Стан не цяжкі, шпіталізацыя не спатрэбілася. А то ў Менску не хопіць на ўсіх шпіталяў. Мне здаецца ў яго не столькі галава, колькі нага там нешта.”

Камэры Менскага спэцпрымальніка перанаселеныя. Увечары 24 сакавіка ў ізалятар Жодзіна адвезьлі тых затрыманых у часе зьнішчэньня намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы, якіх не пасьпелі асудзіць у менскіх судах. Між тым у той жа вечар затрымалі яшчэ больш за 20 чалавек, якія намагаліся прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і пакласьці кветкі на месца зруйнаванага лягеру. Учора зноў некалькі дзесяткаў. Такім чынам, паводле судовых зьвестак у Менску штодня затрымлівалі прыкладна па 100 чалавек.

Аляксандар Казулін разам зь іншымі затрыманымі ўдзельнікамі шэсьця знаходзіцца ў Жодзінскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Паплечнік Казуліна Ўладзімір Нісьцюк лічыць, што ўлады могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці затрыманага палітыка.

(Нісьцюк:) “Мне здаецца, што вельмі ўважліва органы ўнутраных справаў вывучаюць кожнае слова Аляксандра Казуліна. Вельмі сур’ёзна будуць ацэньваць яго дзеяньні з прававога пункту гледжаньня. Ёсьць небясьпека, што могуць абвінаваціць, як кажуць” па поўнай праграме. Сама палітычная сытуацыя ў краіне, стаўленьне да Беларусі ўсяго цывілізаванага сьвету можа трохі прыпыніць настрой праваахоўных органаў. Але ёсьць небясьпека, што будуць вельмі жорстка ацэньваць і караць за гэта.”

Пакуль невядома, у якіх судах будуць судзіць затрыманых.
XS
SM
MD
LG