Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нісьцюк: "Народ павярнуўся і пайшоў назад. Са сьпіны ўжо людзей забіралі"


Радыё Свабода Як ацэньваюць сёньняшнія падзеі вядомыя палітыкі? Апытаньне зрабіў наш карэспандэнт.

Сябра БСДП(Грамада) Уладзімер Нісьцюк заявіў:

(Нісьцюк: ) “Улада жорстка разагнала гэтую дэманстрацыю і жорстка паставілася да яе ўдзельнікаў. У тым ліку і да таго, хто ішоў наперадзе і якраз прадухіліў сутыкненьне дэманстрантаў з АМАПам, Аляксандра Казуліна. Зноў зьявіўся на палітычнай арэне Беларусі знакаміты палкоўнік Зьміцер Паўлічэнка. Зноў ён удзельнічаў асабіста ў зьбіцьці спадара Казуліна. Затрыманьне спадара Казуліна ажыцьцяўлялі невядомыя”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Казулін заклікаў усіх ісьці на Акрэсьціна, усіх дэманстрантаў…”

(Нісьцюк: ) “Казулін сказаў, мы пойдзем туды, каб падтрымаць гэтых людзей, каб перадаць ім перадачы. І пра тое, што нехта будзе сілавым варыянтам вызваляць людзей, – гэта ні ў якім выпадку не магло быць. Тым больш, што Казулін, калі быў выстаўлены кардон, якраз перад гэтым кардонам сказаў, калі ўлада нам не дазваляе туды прайсьці, то ня трэба лезьці на ражон. Народ павярнуўся і пайшоў назад. Са сьпіны ўжо і Паўлічэнка біў яго па назе, і ўжо са сьпіны людзей забіралі”.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў да стварэньня народнага руху за свабоду і заклікаў людзей пасьля мітынгу разыходзіцца па дамах. Актывіст партыі БНФ Віктар Івашкевіч нагадаў:

(Івашкевіч: ) “Частка людзей насуперак закліку Мілінкевіча і дзякуючы заклікам спадара Казуліна, пайшла на Акрэсьціна, ну, і адбыліся сутыкненьні. Людзі, частка дэмакратычнага электарату, якая абурана паводзінамі ўлады, натуральна, вось хоча хуткіх і неадкладных дзеяньняў…Паводзіны ўладаў – дзікія. На хапок улада не мяняецца. Нам трэба яшчэ многа месяцаў грунтоўнай інфармацыйнай працы сярод беларускага насельніцтва, каб тая зразумела правату тых, хто выходзіць на маніфэстацыі”.

Генэрал Валеры Фралоў кажа, што адчуваньні былі вельмі радасныя на пачатку сьвяткаваньня і на мітынгу.

(Фралоў: ) “Паход на Акрэсьціна, мне здаецца, быў лішнім. Трэба трохі меркаваць, на якія сілы ты апіраесься, ці магчыма неяк імі кіраваць. А калі гэта на нейкім пад’ёме, не зусім прадуманыя спробы нешта зрабіць, мне здаецца, не заўсёды гэта разумна”.

Спадар Фралоў чакаў бы больш людзкіх паводзінаў з боку міліцыі:

(Фралоў: ) “А пакуль што кіруюць імі, хлопцы: “Фас!” І тыя робяць, як сабакі, пакуль”.

Актывіст апазыцыі Аляксандар Бухвостаў кажа, што адразу не падтрымліваў паход на Акрэсьціна. А як ён ацэньвае дзеяньні сілавых структураў.

(Бухвостаў: ) “Рэакцыя неадэкватная. Колькі там выставілі гэтых “касманаўтаў” у шлемах, АМАПу. Гэта ж паранаідальная ўлада. Нават супраць жменькі людзей яна кінула такія сілы, якія трэба кідаць супраць бандытаў. Мы асуджаем рэжым і будзем патрабаваць новых, паўторных выбараў. Наша задача – захаваць нарастаючы працэс помсты”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч спаслаўся на тое, што ня ведае падрабязнасьцяў:

(Гайдукевіч: ) “Я ў курсе толькі аднаго, па заяве Мілінкевіча. Ён сказаў, што Казулін парушыў нейкія абяцаньні і кудысьці людзей павёў. Вось усё, што я ведаю. Інфармацыі, на жаль, проста ня маю”.
XS
SM
MD
LG