Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзеячы навукі і культуры ацэньваюць падзеі 25 сакавіка ў Менску?


Радыё Свабода На пытаньне нашай карэспандэнткі адказваюць літаратары і навукоўцы.

Меркаваньне прафэсара, доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча.

(Грыцкевіч: ) “Падзеі сёньняшняга сьвята – гэта адказ народа на фальсыфікацыю выбараў. Усё было падрыхтавана, каб сарваць гэта сьвята. Тым ня менш, нават у такіх умовах, тое, што яго адзначылі, зьяўляецца традыцыяй для нашага народа”.

(Карэспандэнтка: ) “А вось дзеяньні ўладаў, зьбіцьцё, запалохваньні, выбухі…”

(Грыцкевіч: ) “Гэта было заплянавана раней, яшчэ перад выбарамі, каб запалохаць народ”.

Гаворыць паэт Сяргей Панізьнік:

(Панізьнік: ) “Мне вельмі шкада, што там і там – беларусы ёсьць. У гэтым наша бяда. Тыя, што з дубінкамі – беларусы, і тыя, хто акрываўленыя – беларусы. Як нам ўсё ж такі стаць асьвячонымі нацыянальным адзінствам? Няўжо Бог ня дасьць разуменьня? Разуменьне павінна прыходзіць для тых, хто дзейнічае. Але праўда ў тых, ў каго гэта бел-чырвона-белае ў вачах, а не тыя чорныя сполахі, якія яшчэ засьцяць вочы”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Людзі паступова разумеюць сваю годнасьць. Людзі былі вясёлыя, многія былі зь дзецьмі, людзі пачувалі сябе гаспадарамі ў сваім горадзе. Таму ачапленьне, міліцыянты былі разгубленыя, яны таксама не чакалі такой колькасьці людзей. Што тычыцца зьбіцьця, то мы цудоўна ведаем, хто кіраваў гэтай акцыяй, гэта, відаць, тыя самыя людзі, што і мяне калісьці зьбівалі ў парлямэнце. Але, я думаю, што ўсё ж такі гэта невялікая колькасьць Міністэрства ўнутраных справаў, гэта людзі, якім няма чаго губляць, і яны будуць на лаве падсудных. І раней ці пазьней суд іх знойдзе. Ці грамадзянскі, а каго ня знойдзе суд грамадзянскі, таго Бог пакарае. Такія рэчы не даруюцца”.
XS
SM
MD
LG