Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі не паведамляюць пра колькасьць затрыманых 25 сакавіка


Радыё Свабода Паводле назіральнікаў, некалькі дзясяткаў людзей затрыманыя падчас сёньняшніх падзеяў у Менску. Між тым міліцыя не паведамляе пра дакладную колькасьць затрыманых.

“Верагодна, яшчэ вядуцца падлікі”, – адказаў прэсавы сакратар сталічнай міліцыі Алег Сьлепчанка на пытаньне пра колькасьць затрыманых падчас сёньняшніх падзеяў у Менску. Між тым, назіральнікі за падзеямі й журналісты кажуць, што бачылі пад канвоем міліцыянтаў дзясяткі людзей.

Тое, што асобныя патрапілі ў спэцразьмеркавальнік яшчэ ўвечары, пацьвердзіў і міністар унутраных спраў Уладзімір Навумаў у Нацыянальным прэсавым цэнтры, калі рабіў адмысловую заяву для мэдыяў.

(Навумаў: ) “Такім чынам, мы зрабілі затрыманьні найбольш актыўных парушальнікаў грамадзкага парадку, зараз іх дзеяньням даецца прававая ацэнка, пасьля гэтага будзе вырашана аб завядзеньні крымінальнай справы. Дзякуй”.

На пытаньні журналістаў пра колькасьць затрыманых Уладзімір Навумаў не адказаў.

Нічога не сказаў Уладзімер Навумаў і адносна лёсу Аляксандра Казуліна. Толькі заявіў, што той падштурхоўваў людзей штурмаваць ізалятар на Акрэсьціна і нават нібыта заклікаў “фізычна зьнішчыць кіраўніка дзяржавы”. Але нешта канкрэтнае пра затрыманьне Казуліна міністар нічога журналістам не паведаміў. Раней, нагадаю, са спасылкай на сьведкаў паведамлялася, што былы кандыдат на прэзыдэнта затрыманы.

У прэсавым цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў таксама маўчаць пра колькасьць затрыманых 25 сакавіка.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у ізалятары на Акрэсьціна знаходзіцца болей за 400 чалавек, і там ужо не хапае месцаў. Праваабаронцы не выключаюць, што затрыманых 25 сакавіка адвязуць у Жодзіна ці яшчэ куды.

Што да затрыманых паводле абвінавачваньня ў спробах гвалтоўнай зьмены ўлады (гэта лічыцца цяжкім дзяржаўным злачынствам), то абвінавачаных паводле такіх артыкулаў, верагодна, зьмесьцяць у ізалятар КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG