Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты ў Менску журналіст Павал Шарамет застаецца ў шпіталі


Радыё Свабода Сёньня ў Менску а першай гадзіне дня быў затрыманы й зьбіты вядомы журналіст, загадчык аддзелу спэцыяльных праектаў расейскага Першага каналу Павал Шарамет.

Сёньня раніцай Павал Шарамет й Іосіф Сярэдзіч сустракаліся ў рэдакцыі газэты “Народная воля”. Гэта непадалёку ад былога намётавага гарадка.

(Сярэдзіч: ) “Людзі якраз зьбіраліся на падыходах да Кастрычніцкай плошчы. А Шарамет й Калінкіна заставаліся ў рэдакцыі. Адыходзячы, кажу: “Паехалі. Ужо спазьняемся туды”.

Што здарылася далей гаворыць Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Яго затрымалі ля аптэкі на вуліцы Леніна. Ён хворы. У яго двухбаковае запаленьне лёгкіх. Паўла спрабуюць абвінаваціць у тым, што брыдкасловіў й хуліганіў. Але паколькі ў момант затрыманьня мы гутарылі зь ім, то я сьведчу: ён ніякіх брудных словаў не ўжываў”.

Радыё Свабода раней паведамляла, што Паўла Шарамета адвезьлі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёну. Пасьля першага допыту міліцыянты вымушаныя былі накіраваць затрыманага ў другі клінічны шпіталь. Ён скардзіўся на прыступы болю. Лекары, аднак, вырашылі пераправіць хворага ў інфэкцыйны шпіталь. Менавіта тут прадстаўніку Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімеру Дзюбу ўдалося сустрэцца з Паўлам.

(Дзюба: ) “Бралі Паўла два капітаны. Завалаклі ў аўтамашыну. Там зьбілі. Больш білі па тулаву, каб сінякоў не было”.

І ў апошні час стала вядома, што гэтую ноч Павал Шарамет правядзе ў Менскім гарадзкім інфэкцыйным шпіталі на вуліцы Крапоткіна. Паводле дзяжурнай, у аддзяленьні застаюцца міліцыянты. Паведаміць, як пачувае сябе Павал, мэдычка спалохана адмовілася.

(Дзяжурная: ) “Я не хачу пазбавіцца працы. Даруйце, калі ласка”.

Застаецца дадаць, што сёньня міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” зрабіла заяву, што ў Беларусі ад пачатку гэтага тыдня арыштаваныя 22 журналісты. 14 зь іх застаюцца за кратамі”.
XS
SM
MD
LG