Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень волі ў судзьдзяў — дзень адпачынку


Радыё Свабода, Менск Справы болей за 200 затрыманых адкладзены да разгляду ў панядзелак, 27 сакавіка. Па-ранейшаму мала вядома пра лёс яшчэ болей за 100 затрыманых.

25 сакавіка раённыя суды Менску не працавалі: у Дзень волі ў судзьдзяў — дзень адпачынку. Між тым, напярэдадні зь ліку затрыманых на Кастрычніцкай плошчы абаронцаў намётавага лягеру было асуджана каля 200 чалавек. У тым ліку 7 сутак атрымаў пляменьнік Аляксандра Казуліна студэнт Аляксандар Казулін, а другі пляменьнік кандыдата на прэзыдэнта, Аляксей Казулін, пакараны 10 суткамі. Праваабаронцы лічаць, што ў ізалятары на Акрэсьціна судоў чакаюць яшчэ каля 200 прыхільнікаў пераменаў. Сярод іх і сын жонкі Аляксандра Мілінкевіча — Ігар Кулей. Зьвесткі пра тое, як затрыманыя мужна трымаюцца ў камэрах, паведаміла на сёньняшнім мітынгу ў Купалаўскім сквэры знаёмая адной са зьняволеных.

(Жанчына: ) “Яны сьпяваюць там беларускія песьні — тыя, што тут, на плошчы, сьпявалі. Я ня ведаю словаў, але яны іх пяюць. Так казала мама, якую туды знаёмцы прапусьцілі. Міліцыянты шкадавалі дзяўчынак: худзенькія ды маленькія. Бачыце — міліцыя з намі. Але там быў чалавек са спэцслужбаў у цывільным. Ён тых міліцыянтаў адразу завёў у асобны кабінэт, і яны выйшлі адтуль такія чырвоныя! Казалі: “Усё, паляцяць нашы галовы!”.

Паводле праваабаронцаў, яшчэ ад 100 да 150 удзельнікаў намётавага лягеру былі адвезены ў ізалятар Жодзіна. Гэта "Свабодзе" пацьвердзіў дзяжурны жодзінскага райаддзелу міліцыі, але не назваў колькасьці затрыманых. Сваякі затрыманых могуць спраўдзіць у дзяжурнага, ці знаходзяцца там іныя родныя. Аднак сьпісваў затрыманых на браме ізалятару гэтак і ня вывесілі. Дзяжурны міліцыянт сказаў, што умовы ўтрыманьня ў ізалятары “нармальныя”, не ўдакладніўшы, што гэта азначае.

( Дзяжурны: ) “ Нармальныя умовы, ўсё добра. Тры разы харчаваньне. Усё добра, не хвалюйцеся”.

Паводле дзяжурнага, суды над тымі, каго зьмясьцілі ў Жодзіна, зьбіраюцца праводзіць з панядзелка ў Менску, але адбываць пакараньне затрыманыя будуць у жодзінскім ізалятары. “Там месца хопіць”, — дадаў міліцыянт. Удалося даведацца ад яго й некалькі прозьвішчаў затрыманых. Гэта Мітраховіч, Марозаў, Высоцкі, Зачынэка, Науменка, Лапцёнак. Таксама са словаў дзяжурнага вынікала, што ў Жодзіна знаходзяцца й затрыманыя на плошчы дзяўчаты. Нагадаем: 24 сакавіка ў менскай міліцыі сьцьвярджалі, што затрыманых на плошчы жанчын адпусьцілі.
XS
SM
MD
LG