Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя асобы — пра сьвята 25 сакавіка


Ігар Карней, Менск Што падштурхнула вядомых у краіне людзей выйсьці сёньня на вуліцу?

Паэт, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Анатоль Вярцінскі не хаваў радасьці і ўзьнёслага настрою. Ён перакананы: раз гісторыя разьвіваецца па “сьпіралі”, трэба чакаць станоўчых зрухаў.

(Вярцінскі: ) “Усё, што сёньня адбываецца, сьведчыць: гісторыя па сьпіралі разьвіваецца. Але гэта ня значыць, што ад добрага да дрэннага, ці ад цёмнага да сьветлага, ад зла да дабра. Ня так. Усё рухаецца, і гэтыя гістарычныя “віткі”, аказваецца, бываюць рознага колеру. Адсюль і розныя колеры ў рэвалюцый. Тое, што адбываецца сёньня, мне надае аптымізму. Дарэчы, дамінуе пакаленьне, зь якога, калі мы хадзілі на першыя перабудовачныя маніфэстацыі, многіх яшчэ на сьвеце не было. Альбо пад стол пехам хадзілі. Яны вырасьлі ва ўмовах, ужо крыху іншых, чым расьлі мы. І гэта адбіваецца на іхных сёньняшніх паводзінах і надае сілы”.

Думку пра цыклічнасьць гістарычнага разьвіцьця падхапіў кандыдат навук, фізік-ядравік Ягор Фядзюшын. Расеец паводле нацыянальнасьці, ён лічыць сябе беларускім патрыётам, бо жыве тут ужо сорак гадоў.

(Фядзюшын: ) “Вайна, Чарнобыль і цяперашні рэжым — гэта беды аднаго шэрагу для Беларусі, якія даводзіцца доўга й нудна расхлёбваць. Але зь цягам часу, думаю, гэта “разыдзецца”, і ўсё стане на свае месцы”.

(Карэспандэнт: ) “Дык, па-вашаму, гэта тэхнічная праблема?”.

(Фядзюшын: ) “Ня толькі тэхнічная. Хутчэй — сацыялягічная. Таму што праблема гуманітарызацыі ўсіх навук цяпер стаіць вельмі востра. Мы забыліся пра тое, што самае галоўнае — гэта чалавек, унутраная сутнасьць, Богам дадзенае адчуваньне свабоды. А там, дзе заканчваецца свабода, пачынаецца дэградацыя. Гэта ва ўсе часы так было”.

Палітык і экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец і кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін перад тым, як прыйсьці на плошчу, усклалі кветкі да помнікаў Максіму Багдановічу й Янкі Купалу, на магілу Міхася Ткачова.

(Знавец: ) “Мы плянавалі, што ўсё будзе мірна. Сам акт 25 сакавіка — гэта гістарычны акт, які мы павінны адзначаць, і гэтае сьвята павінна быць сьвятам, а ня нейкім пабоішчам. Мы гэтага ня мусім дапусьціць. Таму ня будзе з нашага боку ніякіх правакацый. Мы будзем сьвяткаваць мірна. Вось мы стаім з букетам бел-чырвона-белых кветак. У фармаце сьвята ўсё адбываецца — гуляньне, весялосьць. Гэта і ёьць сьвяткаваньнем утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. А тое, што ўлада так спалохалася, баіцца любога сьвяткаваньня, любога пратэсту, — натуральна. Мы ж ведаем, у якіх умовах праходзілі выбары”.

Сярод тых, каго спынілі на подступах да Палацу прафсаюзаў, я заўважыў аднаго з заснавальнікаў папулярнага колісь рок-гурту “Сузор’е” Андрэя Казлоўскага.

(Казлоўскі: ) “Чаму мы тут? Таму што нас ашукалі — груба, брутальна. Я ня маю словаў, каб апісаць бязьмежжа ў дзеяньнях кіраўнікоў краіны, той зьдзек, якія ўлады твораць супраць народу. Таму як сумленны грамадзянін гэтай краіны я мусіў выйсьці на вуліцу, каб сказаць цьвёрдае й рашучае: “Лукашэнку — не!”. “Не” — ягонаму пятаму, дзясятаму ці, можа, сотаму тэрміну ўлады. Больш гэтага ня будзе!”.

Надзвычайны й паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Беларусь, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, філёляг Пётра Садоўскі перакананы, што ў сьвята трэба сьпяваць. І засьпяваў, як некалі сьпяваў у часе масавых акцый напачатку 1990-х, на плошчы Незалежнасьці.

(Садоўскі: ) “А ў бары-бары тры дарожанькі. Там ішоў жаўнэр наш прыгожанькі. Па якой пайсьці – задумляецца, сумняваецца… ”

Прапушчу дзьве дарожкі, засьпяваю апошнюю…

…Выбіраў жаўнэр трэцю сьцежачку. Бо вяла яна ў родну межачку…

Гэта словы, дарэчы, Купалы. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG