Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму такая розная міжнародная рэакцыя на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і палітоляг Алесь Лагвінец.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі выклікалі нечуваную цікавасьць у сьвеце. Іх асьвятляе вялікая колькасьць замежных журналістаў. Таксама па ўсім сьвеце праходзяць акцыі салідарнасьці зь беларускімі дэмакратамі. Цяперашняя цікавасьць да Беларусі выклікана як актуалізацыяй беларускага пытаньня на парадку дня міжнароднай супольнасьці, так і посьпехам “каляровых рэвалюцыяў” на постсавецкай прасторы.

Міжнародная рэакцыя на беларускія выбары была, як звычайна, рознай і нават палярнай. Калі Захад нэгатыўна адрэагаваў на іх вынікі, то Расея, назіральнікі СНД віталі перамогу Лукашэнкі і палічылі гэтыя выбары свабоднымі і дэмакратычнымі. Найперш, пытаньне пра рэакцыю Расеі. Выглядае, што яна чаканая, але, у пэўным сэнсе, стрыманая. Калі параўноўваць, як актыўна Масква ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, то цяпер Расея — прынамсі, на вышэйшым узроўні — паводзіць сябе дыпляматычна, можна сказаць, ня ўмешваецца ў выбарчы працэс. Ці згодны вы з гэтым? І як вы пракамэнтуеце такую рэакцыю?”

(Ігар Лялькоў: ) “Я б не зусім пагадзіўся, што рэакцыя Расеі была стрыманая. Прынамсі, Пуцін павіншаваў Лукашэнку зь перамогай яшчэ да афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў — гэта не зьяўляецца палітычна карэктным. Але я пагаджаюся, што рэакцыя Расеі чаканая. Яна ставіла на Лукашэнку і будзе яго падтрымліваць, прынамсі, бліжэйшым часам. Што тычыцца рэакцыі краінаў СНД, то зьвяртае на сябе ўвагу асобная пазыцыя Ўкраіны. Афіцыйны Кіеў заявіў, што пагаджаецца з папярэднімі высновамі місіі назіральнікаў АБСЭ. Гэта значыць, Украіна прызнае, што беларускія выбары не былі вольнымі і дэмакратычнымі, яны суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі і магчымымі фальсыфікацыямі.

Апрача Ўкраіны, тыя выказваньні назіральнікаў ад СНД, якіх паказвалі па беларускім тэлеканалам, таксама чаканыя. Бо гэтыя людзі адмыслова выбіраліся, каб пацьвердзіць перамогу Лукашэнкі”.

(Алесь Лагвінец: ) “Відавочна, рэакцыя Расеі прадказальная. Яна ня хоча заўважаць, што ў Беларусі парушаюцца дэмакратычныя правілы гульні. Расея глядзіць на Беларусь інакш, чым эўрапейскія краіны, і ёй напляваць, як насамрэч галасуе беларускі народ. На выбарчым участку, да якога я прыпісаны і дзе быў назіральнікам, таксама назіралі два дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і адзін дэпутат расейскай Дзярждумы. Дык вось падчас падліку галасоў мы ўсе былі статыстамі. Мы стаялі больш як за дзесяць мэтраў ад стала, дзе ляжалі бюлетэні. А ўся камісія, няшчасныя настаўніцы школы №211, стаяла сьпінай шчыльным шэрагам дзьве з паловай гадзіны. І пасьля гэтага расейскі дэпутат казаў, што ўсё нармальна, дэмакратычна, вось такія ў вас своеасаблівыя, але дэмакратычныя правілы гульні”.

(Карбалевіч: ) “Рэакцыя Захаду была таксама чаканай, мы бачым жорсткія заявы афіцыйных прадстаўнікоў. Таксама нэгатыўнай была ацэнка беларускіх выбараў назіральнікамі АБСЭ. Як бы вы пракамэнтавалі рэакцыю Захаду на беларускія прэзыдэнцкія выбары?”

(Лялькоў: ) “Магу пагадзіцца, што рэакцыя Захаду, як і Расеі, была чаканай. Заявы, якія прагучалі, адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. Прадстаўнікі краінаў Захаду зафіксавалі, што выбары не зьяўляліся дэмакратычнымі і празрыстымі. Пытаньне ў тым, ці будуць за гэтымі заявамі нейкія канкрэтныя крокі, якія маглі б падтрымаць беларускія дэмакратычныя сілы і паўплываць на зьмену сытуацыі ў Беларусі. Натуральна, гэты ўплыў ня можа быць вырашальным, бо ўрэшце вырашае свой лёс сам беларускі народ. Але Захад можа паўплываць на зьмены ў Беларусі. Празь дзень-два мы даведаемся, ці захоча ён гэтыя крокі зрабіць”.

(Лагвінец: ) “АБСЭ альбо Рада Эўропы — гэта інстытуцыі, якія прадстаўляюць супольнасьць дзяржаваў, аб’яднаных на каштоўнасьцях дэмакратыі і правоў чалавека, дэмакратычных выбараў. І яны далі дакладную ацэнку беларускім выбарам. Але ўсё ж я лічу, на Захадзе бракуе вялікага інтарэсу да Беларусі. Эўропа павінна больш прыслухоўвацца да тых краінаў, якія добра разьбіраюцца ў беларускай сытуацыі, напрыклад, Польшча ці Літва. Сапраўды, варта пачакаць інстытуцыйнага адказу Эўразьвязу стасоўна фальсыфікацыяў на беларускіх выбарах. Зь іншага боку, можа дзівіць адсутнасьць цікавасьці шмат якіх заходніх мэдяў да падзеяў у Беларусі.

Заходнія грамадзяне павінны разумець, што ў Беларусі існуюць два грамадзтвы. І адно грамадзтва, якое падзяляе заходнія каштоўнасьці, абмежавана ў сваіх правах. І перадаваць інфармацыю кшталту таго, што “Аляксандар Лукашэнка перамог на выбарах”, як гэта робіць “Эўраньюс”, — гэта тое ж самае, што ліць ваду на млын дзейнага кіраўніка Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Тое, што беларускія ўлады паводзяць сябе адносна стрымана датычна апазыцыі, якая ладзіць акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, мусіць, тлумачыцца вялікай колькасьцю замежных журналістаў у Менску, найперш, заходніх, і перад вачыма такой колькасьці замежнікаў кіраўніцтва краіны імкнецца захаваць твар. У працяг тых разважаньняў, якія тут гучалі, узьнікае такое пытаньне: як далёка гатовы пайсьці Захад у сваім нэгатыўным стаўленьні да беларускага кіраўніцтва? Ці магчымы тут нейкія новыя санкцыі? Калі так, то якія?”

(Лялькоў: ) “Калі гаворка ідзе пра новыя санкцыі, то адзін з варыянтаў, які агучваўся ў прыватных паўафіцыйных размовах з замежнікамі, напрыклад, з прадстаўнікамі польскага замежнапалітычнага ведамства яшчэ перад выбарамі, быў такі. Беларускія ўлады былі папярэджаны пра магчымасьць зьніжэньня ўзроўню дыпляматычных кантактаў зь Беларусьсю. Дасюль афіцыйна не прызначаны амбасадар Польшчы ў Беларусь. Існуе верагоднасьць, што ён і ня будзе прызначаны. Згодна з паўафіцыйнай інфармацыяй, Польшча можа ініцыяваць ў Эўрапейскім Зьвязе пытаньне пра зьніжэньне ўзроўню дыпляматычных кантактаў зь Беларусьсю з боку ўсіх сяброў Эўразьвязу. Але гэтая форма санкцыяў хутчэй сымбалічная.

Апрача таго, ідзе гаворка пра санкцыі супраць чыноўнікаў, датычных да фальсыфікацыі выбараў, то бок, пашырэньне сьпісу асобаў, якім будзе забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Таксама ідзе размова пра пашырэньне інфармацыйнага поля, вольнага ад цэнзуры беларускай улады. І ў гэтым кірунку Захад можа таксама зрабіць вельмі шмат. І яшчэ адзін аспэкт, які абмяркоўваецца. Гэта падтрымка людзей, якія трапляюць пад рэпрэсіі беларускіх уладаў. За апошнія тыдні хваля рэпрэсіяў была вельмі вялікая. На нейкія больш сур’ёзныя санкцыі Захад ня пойдзе.

Хіба што Захад можа рабіць нейкі ціск на Расею, каб яна стрымлівала жорсткія дзеяньні беларускіх уладаў. І тое, што пакуль няма брутальнага разгону людзей на Кастрычніцкім пляцы, магчыма, якраз ёсьць сьведчаньнем апасродкаванага ўплыву Захаду на Менск праз Маскву. Ва ўсялякім разе, ёсьць такая інфармацыя. Будзем чакаць канкрэтных крокаў. Пакуль што мы маем дэклярацыі. Днямі высьветліцца, як далёка і на якія крокі гатовы пайсьці Захад у беларускім пытаньні”.

(Лагвінец: ) “Апроч магчымых візавых абмежаваньняў для ўсіх сяброў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў і старшыняў участковых камісіяў, пэўным узьдзеяньнем на беларускую сытуацыю была б вольная тэлевізія, зьніжэньне кошту візаў для грамадзянаў Беларусі, большая цікавасьць да Беларусі з боку заходніх мэдыяў. Мусіць быць вельмі голасна ўзьнята ў стасунках Захаду з Расеяй пытаньне дэмакратызацыі Беларусі. Магчыма, сапраўды, дзякуючы ціску Захаду на Менск праз Маскву пакуль няма крыві й вялікага гвалту. Падкрэсьліваю — вялікага гвалту, таму што гвалт мы ўсе адчуваем. Тое, што робіць улада кожны дзень — гэта парушэньне базавых прынцыпаў. Людзей арыштоўваюць кожны дзень, яны запужаныя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павысяць палітычную вагу беларускага пытаньня ў міжнародных дачыненьнях. У прыватнасьці, адным зь іх наступстваў могуць стаць новыя складанасьці ў стасунках паміж Захадам і Расеяй”.
XS
SM
MD
LG