Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р. Барадулін: "Беларусы – экспэрымэнтальная нацыя ў Бога"


Радыё Свабода Зварот Рыгора Барадуліна да ўдзельнікаў акцыі на Дзень Волі

"Каб не мае гады і здароўе дазваляла, я таксама прыйшоў бы цяпер на плошчу. Але душою я разам з вамі.

Уладам даўно трэба было б задумацца, чаму так адбываецца ў нашай краіне: чаму моладзь выходзіць на плошчу?.. Таму што яна сама хоча вырашаць уласны лёс, сама хоча будаваць сваю дзяржаву.

Я заўсёды паўтараю, што беларусы – экспэрымэнтальная нацыя ў Бога. І калі робіцца экспэрымэнт, дык ён робіцца на добры вынік. Толькі пытаньне: колькі будзе працягвацца гэты экспэрымэнт? Аднак ня вечна ж будзе цягнуцца такая ноч – і ў Беларусі паўстане раніца. Тым больш, што сёньня жаданьне набыць свабоду моцнае, як ніколі дагэтуль. І ня меней моцная надзея, што сумеснымі высілкамі свабоды мы зможам дабіцца. На карысьць гэтага сьведчыць тое, якія неадэкватныя меры прадпрымаюцца цяпер уладамі. Гэта азначае, што ўлада ўрэшце адчула, што яна – ня вечная... Я прыгадваю свае маладыя гады – у той час мы зьбіраліся па некалькі чалавек і на кухнях. І ніколі не было, каб на вуліцы выходзіла такая колькасць людзей, колькі ўвесь гэты тыдзень збіралася на плошчы.

Наагул кажучы, з нашай свабодай тая ж сытуацыя, як і з нашай мовай: колькі б яе ні тапталі, колькі б яе ні дратавалі, яна ўсё роўна прабіваецца праз усе пласты ціску і прыгнёту – як тая трава, якая, імкнучыся на волю, прабівае асфальт. Пры гэтым імкненьне да волі рухае кожнай травінкай. І наагул, усё жывое прагне волі. І чым больш яго ціснуць, тым больш яно пярэчыць. Так і маладыя нашы – яны не хочуць скарыцца. Але дзеля таго трэба мець свабодную душу – нельга пускаць душу ў няволю. І тады волі яна абавязкова даб’ецца.

За нашу Волю! Жыве Беларусь!













Рыгор Барадулін
XS
SM
MD
LG