Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С. Кавалёў: "Жыхары Менску ўбачылі, што лёд крануўся"


Радыё Свабода Падзеі ў Беларусі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх застаюцца ў цэнтры ўвагі расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Што думаюць аб пэрспэктыве палітычнага ўпарадкаваньня ў Беларусі вядомыя ў суседняй краіне людзі?

Праваабаронца Сяргей Кавалёў, які днямі вярнуўся ў Маскву зь Менску, дзе браў удзел у маніторынгу выбараў, пачаў размову з таго, што жадаў удачы ўдзельнікам сёньняшняй акцыі да Дня Волі.

(Кавалёў: ) “Так, я чуў пра тое, што гэта ня простая дата. Ну, што ж? Я жадаю найменшых стратаў у гэтай акцыі. Але мушу адзначыць, што гэтыя выбары прайшлі не дарэмна. Жыхары Менску, ва ўсялякім разе, убачылі, што лёд крануўся, што яны могуць сабе дазволіць больш, чым яны ўяўлялі”.

Да разгону намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы спадар Кавалёў ставіцца досыць спакойна.

(Кавалёў: ) “Ня трэба ўпірацца, бо што ўжо было працягваць зусім беспэрспэктыўныя хаджэньні на плошчу, калі колькасьць тых, хто прыходзіць, не магла ня менець па цэлым шэрагу абставінаў. Усё трэба пачынаць і заканчваць своечасова. Гэта не апошняя сутычка, і калі б вам удалося зрабіць тое, што зрабілі вашыя блізкія суседзі й сваякі, гэта было б цудоўна”. Дэпутат Дзяржаўнай думы Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Рыжкоў, які быў у Менску ў дзень выбараў, расказвае, што быў уражаны перадусім “жахлівай колькасьцю” тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Паводле Рыжкова, гэта і стала прычынай фальсыфікацый вынікаў галасаваньня.

(Рыжкоў: ) “Гэта сьведчыць на тое, што галасавалі альбо пад наглядам начальства і пад ягоным уціскам, альбо проста былі падмененыя бюлетэні ці скрыні. Да таго ж, не было нават блізка, нават прыблізнай роўнасьці доступу да сродкаў масавай інфармацыі – практычна ўсе СМІ дзяржаўныя і ўсе працавалі на аднаго кандыдата, на дзейнага прэзыдэнта”.

У той час, як бальшыня эўрапейскіх дзяржаваў выказалі пратэст з нагоды сілавога разгону акцый апазыцыі, расейскія ўлады практычна маўчаць. Міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў увогуле заявіў, што беспарадкі ў Менску справакавалі назіральнікі АБСЭ. У гэтым зьвязку сатырык Віктар Шандаровіч абураецца, што, крытыкуючы іншых, расейскае замежнапалітычнае ведамства фактычна закрывае вочы на арышты, дэпартацыю і высылку з Беларусі ў грамадзянаў Расеі.

(Шандаровіч: ) “Калі гаворка йдзе пра абарону ўласных грамадзянаў, высьвятляецца, што Расея існуе на ўзроўні якой-небудзь Гвінеі. Іншымі словамі, проста плюе на ўласных грамадзянаў. Апрача таго, я хачу заўважыць: прыкладам, італьянская журналістка, якая паехала ў Ірак ад камуністычнай газэты, была апазыцыйная і газэта была антыбэрлюсконеўская. Тым ня меней, італьянскі ўрад зрабіў усё дзеля таго, каб абараніць сваю грамадзянку. Гэта пазыцыя цывілізаванай дзяржавы”.

Стала вядома, што палітолягу, грамадзяніну Расеі Андрэю Суздальцаву ўчора афіцыйна абвясьцілі пра тое, што да 5 красавіка ён мусіць пакінуць Беларусь. Апроч таго, яму забаронены ўезд у краіну тэрмінам на пяць гадоў. У іншым выпадку ён будзе арыштаваны.
XS
SM
MD
LG