Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П. Шарамет са шпітальнага ложку пра набалелае


Радыё Свабода Журналіст, кіраўнік аддзелу спэцпраектаў Грамадзкага расейскага тэлебачаньня, адзін са стваральнікаў сайту “Белорусский партизан” Павал Шарамет прыехаў гэтымі днямі ў Менск, каб пабыць сярод удзельнікаў намётавага гарадку, напісаць пра тое, што адбывалася вакол яго.

Аднак замест Кастрычніцкай плошчы Павал нечакана для сябе з двухбаковым запаленьнем лёгкіх апынуўся на шпітальным ложку.

(Шарамет: ) “Я вельмі інтэнсіўна лекаваўся – сёньня з раніцы й удзень ставілі апошнія кропельніцы. Спадзяваўся, што ўжо хутка апынуся там, на плошчы. Таму што Плошча – адзінае заваяваньне беларускай апазыцыі зав апошнія месяцы.

Плошча, несумненна, перавярнула вельмі многае ў сьвядомасьці беларусаў. Гэты астравок Свабоды – намётавы гарадок – трэба было ахоўваць, сьцерагчы ўсімі магчымымі спосабамі. І там мусілі знаходзіцца ўсе лідэры палітычных партыяў і рухаў. Не шараговыя чальцы, скажам, “Зубра”, а менавіта лідэры павінны былі стаяць там. Але...

Напрыклад, пра “Малады фронт” я магу сказаць, што ў іх два лідэры – Севярынец і Дашкевіч. Севярынец сядзіць, а Дашкевіч усе чатыры дні і чатыры ночы прастаяў на Плошчы. І гэта варта павагі.

Так, Вячорка сядзеў у турме, аднак жа ня толькі Вячорка лідэр фронтаўцаў. Там Слава Сіўчык быў усе чатыры дні – ён проста герой беларускай вясны.

Так, сядзелі Лябедзька й Дабравольскі, але зьдзіўляе, што ў ноч разгону ад АГП і зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі была толькі Валянціна Палевікова.

І нарэшце – дзе былі лідэры беларускіх камуністаў?

Разумею, хутчэй за ўсё, у кожнага былі нейкія свае важкія прычыны ці свой погляд... Аднак я лічу, што Плошча – гэта сымбаль беларускай вясны.

І мая маці была там усе дні”.
XS
SM
MD
LG