Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусь мне нагадвае Нямеччыну 30-х гадоў"


Радыё Свабода На Кастрычніцкую плошчу Менску цягам дня 24 сакавіка працягвалі прыходзіць людзі. Яны спыняліся на месцы, дзе яшчэ нядаўна быў разьмешчаны намётавы гарадок. Затрымлівацца ім забаранялі супрацоўнікі міліцыі, якіх вельмі шмат дзяжурыла на плошчы.

Прыхільнікам пратэстнай моладзі перашкаджалі і пэнсіянэры, якія цягам усіх дзён акцыі пратэсту прыходзілі да намётаў. Гэтыя людзі брыдкасловілі й абражалі мінакоў, але міліцыянты старых не спынялі.

(Спадарыня: ) “Я хацела падысьці й пакланіцца гэтаму месцу, дзе гэтыя дзеці стаялі. Бо за іх вельмі крыўдна. І тое, што ноччу цішком напалі на людзей – гэта сорам павінны быць. А па БТ паказалі поўную хлусьню”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы асцэніце тое, што адбылося ноччу й нават тое, што адбываецца тут зараз?”

(Спадар: ) “Па-першае, тое, што адбылося ноччу – гэта на любым судзе скажу – бандытызм. Не даюць народу сказаць праўду, пазбавілі магчымасьці атрымоўваць свабодную прэсу. Людзі выйшлі паказаць, што яны прагаласавалі супраць Лукашэнкі й іх зьбіў і пасадзіў іх у турму. Гэта злачынства супраць свайго народу. Таму, што яны дамагаліся свабоды”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што Беларусь зараз нагадвае Нямеччыну 30-х гадоў – ідзе фашызацыя грамадзтва, фашызацыя дзяржавы, гэта замбаваньне людзей. Гэта злачынства – у цэнтры Эўропы – фашызм”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія зараз вашыя пачуцьці, чаму вы на плошчы?”

(Спадарыня: ) “Гэта страшная рэч, гэта жах, што вы! Ноччу хапалі, білі нагамі. Гітлер такога не вырабляў – што творыцца? Меркаваньня ніхто ня можа выказаць. Што гэта такое? ”

(Спадарыня: ) “Гэта жах, поўны жах. Жыць у гэтай краіне нармалёвым людзям, якія думаюць не магчыма. Не магчыма”.

(Спадарыня: ) “Што я магу сказаць? Улада паказала свой твар. Перад інаўгурацыяй яны элегантна прыбралі з плошчы змагароў за Свабоду. Але гэта яшчэ нічога ня значыць – дух беларускі ня зломлены. Мы прыйдзем і ізноў выкажам свой пратэст. Да гэтага ўсе гатовыя”.

(Спадарыня: ) “Нам няма чаго губляць акрамя сваіх ланцугоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG