Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Дзень Волі ў шэрагу менскіх школаў абвясьцілі вучэбны дзень


Радыё Свабода Напярэдадні сьвята Дня Волі сярэднія школы зрабілі шэраг захадаў, каб максымальна заняць вольны час дзяцей і выкладчыкаў цягам вакацыяў.

Як паведаміла Свабодзе адна з менскіх настаўніц, якая пажадала захаваць ананімнасьць, выкладчыкі шэрагу школаў Менску ня вельмі ўсьцешаныя пэрспэктывай працоўнага дня замест першага выходнага вясновых вакацыяў.

(Настаўніца: ) “Субота 25 сакавіка была абвешчаная працоўным днём. У школах дзяцей, якія павінны былі сысьці на вакацыі, нагружаюць усімі магчымымі заняткамі, каб забясьпечыць прысутнасьць на працоўных і навучальных месцах. Санкцыянаваная праца спартовых школьных заляў і розных гурткоў да позьняга вечару, а працоўны дзень настаўнікаў працягнуты зьверх нормы – да 19-20-й гадзіны”.

(Карэспандэнтка: ) “А як рэагуюць на гэта настаўнікі?”

(Настаўніца: ) “У настаўнікаў папросту складваецца негатыўнае стаўленьне да моладзі, якая спрабуе выказаць асабістае меркаваньне. Яны лічаць менавіта іх вінаватымі ў тым, што замест выходнага дня мусяць ісьці на працу – з-за таго, што зараз адбываецца ў краіне.”

Гэткія меры перасьцярогі мелі месца не ва ўсіх школах Менску. Некаторыя заўчасна, яшчэ перад выбарамі, у якасьці перасьцярогі ўзялі з бацькоў школьнікаў пісьмовую адказнасьць за дзяцей.

(Настаўніца: ) “У нас прапаганда ідзе, непрыкрытая агітацыя. Наконт выбараў справаздачу здавалі – дзяцей усіх папярэдзілі, каб ні на якія мітынгі не хадзілі, і з бацькоў узялі расьпіску – што бацькі у часе выбараў бяруць адказнасьць за сваіх дзяцей на сябе. І бацькі ставілі свае подпісы ў агульнай ведамасьці з назваю “Пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах”.
XS
SM
MD
LG