Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя плянуе стварыць фонд абароны зьняважаных людзей


Радыё Свабода Далейшыя намеры беларускай апазыцыі вызначаюцца некаторымі новымі прапановамі. У прыватнасьці, абмяркоўваецца ідэя стварэньня нацыянальнага грамадзкага фонду для дапамогі й абароны людзей, якія зьняважаныя уладай.

Гаворыць палітык першай хвалі беларускай апазыцыі Валеры Костка:

(Костка: ) “Я сам прайшоў празь беззаконьне. Сястру маю судзілі. На сына “наезды” былі. І я бачыў рэакцыю: хоць бы нехта слова замовіў альбо сказаў бы, што “мы табе адваката аплацім”. Таму, здараецца, рукі апускаюцца. У Празе, дарэчы, у 1977 годзе фонд стваралі для тых, каго ўлада пасадзіла ў турму, пакарала. Плацілі адвакатам. Дык народ бачыў, што нейкая сацыяльная абарона ёсьць для тых, хто змагаецца. А тут якая абарона? Ці заплацяць штрафы за тых, каму прызначаць гэтыя штрафы? Самі будуць плаціць! Вось у чым справа”.

Далей - меркаваньне старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процька:

(Процька: ) “Я сябрую з Францішкам Янаўхам, які ўзначальваў у Чэхаславакіі фонд “Хартыя - 77”. Мне падаецца, што сёньня такое пытаньне актуальнае і ў Беларусі. Будуць два фонды – вельмі добра, будзе адзін – таксама добра. Падзеі, якія адбыліся на прэзыдэнцкіх выбарах, паказалі, што палітыка гэта тая праца, дзе павінны быць прафэсіяналы. Некаторым трэба кніжкі пачытаць. І ў такім разе дзейнічаць не па прынцыпу: будзе – ня будзе”.

Гэта была Тацяна Процька. У сваю чаргу праваабаронца Алег Волчак лічыць, што сапраўды цяперашняя палітычная сытуацыя ў Беларусі вымушае клапаціцца пра матэрыяльную абарону прыхільнікаў пераменаў.

(Волчак: ) “Гэтая ідэя нас цікавіла яшчэ ў 1999 годзе, калі Віктар Ганчар праводзіў альтэрнатыўныя выбары і было шмат пацярпелых. Але тады быў час, што палітыкі мала задумваліся аб доўгатэрміновай барацьбе. Мяркую, што пасьля гэтай кампаніі такі фонд будзе створаны”.

Нагадаю, што юрыст Алег Волчак працуе ў камандзе Аляксандара Казуліна. Як высьвятляецца, зараз абмяркоўваюцца канкрэтныя прапановы на будучае, у тым ліку сумесна са штабам Аляксандара Мілінкевіча. Суразмоўца кажа, што штуршок да гэтага дала еднасьць апазыцыі на Кастрычніцкай плошчы.

(Волчак: ) “Гэтая акцыя яшчэ дасьць свае станоўчыя падставы. Я – ня скептык”.
XS
SM
MD
LG