Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі многіх краін сьвету абураны затрыманьнямі ў Менску


Радыё Свабода У Брусэлі ўдзельнікі саміту Эўразьвязу прынялі рашэньні пра новыя санкцыі супраць Беларусі. Цяперашні старшыня Эўразьвязу Аўстрыя заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць дэманстрантаў затрыманых сёньня ўначы ў Менску.

Кіраўніца аўстрыйскага МЗС Урсула Пласьнік заявіла, што дзеяньні ўладаў служаць чарговым пацьверджаньнем фальсыфікацыяў на выбарах.

Бэльгійскі міністар замежных справаў Карэл дэ Гухт, які цяпер узначальвае АБСЭ заявіў, што падобнага разьвіцьця трэба было чакаць, аднак гэта абсалютна непрымальна.

Бундэсканцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла з нагоды рэзалюцыі:

(Мэркель: ) "Гэтай рэзалюцыяй мы выказваем сваю падтрымку мірна настроеным удзельнікам акцыі ў Беларусі. Мы будзе надалей пасьлядоўна дапамагаць дэмакратычнаму руху Беларусі ў змаганьне за свае свабоды".

Нямецкі міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў пра вялікую заклапочанасьць ураду ФРГ у зьвязку з ростам затрыманьняў мірных дэманстрантаў і сябраў апазыцыі ў Беларусі. Міністар Штайнмаер усклаў ўсю адказнасьць за асабістую бясьпеку затрыманых на беларускае кіраўніцтва і прапанаваў запрасіць лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча на чарговую сустрэчу міністраў Эўразьвязу 10 красавіка.

Сябры нямецкага Бундэстагу ад фракцыі вольных дэмакратаў Гаральд Ляйбрэхт і Міхаэль-Георг Лінк выступілі з заявай, што фэдэральны ўрад краіны і ягоныя эўрапейскія партнэры мусяць дапамагаць дэмакратычнаму руху Беларусі. Дэпутаты выказваюцца за тое, каб візавыя санкцыі, накіраваныя супраць прадстаўнікоў заканадаўчай, выканаўчай, судовай уладаў Беларусі, падтрымалі таксама і такія краіны як Украіна, Турэччына, Баўгарыя – краіны, дзе традыцыйна адпачывае беларуская намэнклятура.

Злучаныя Штаты асудзілі беларускія ўлады за брутальныя парушэньні элемэнтарных правоў чалавека. Прадстаўнік Белага Дому Скот Маклелан ўхваліў сёньняшняе рашэньне ЭЗ пра новыя санкцыі ў дачыненьні да Менску і заявіў, што Вашынгтон рыхтуе падобныя захады.

З другога боку, міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў папрокі на адрас АБСЭ, якая нібыта прадузята пракамэнтавала вынікі галасаваньня і такім чынам выканала ролю падбухторшчыка.

Гл.таксама • http://archive.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/3/517BCDF5-6BF8-4598-85F4-F74D1E412A54.html • Кроніка разгрому намётавага гарадка і затрыманьня пратэстоўцаў • Што адбылося на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG