Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня: працягваецца пікетаваньне амбасады Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Такія пікеты праводзяцца ў Вільні штодня, з кожным разам на іх зьбіраецца ўсё больш людзей, якія пратэстуюць супраць антыдэмакратычных дзеяньняў беларускіх уладаў і рэпрэсіяў супраць мірных грамадзянаў.

Пікеты ладзяць літоўская грамадзкая арганізацыя Аб''яднаны цэнтар беларускіх ініцыятываў і партыя кансэрватараў Літвы.

На сёньняшні пікет, хаця ён быў несанкцыянаваны, прыйшлі каля трыццаці чалавек, крыху меней было ўчора.

(Пікетоўшчыкі скандуюць: ) “Свабоду! Свабоду палітзьняволеным! Рэжыму – ганьба!”

Пікетоўшчыкі пратэставалі супраць арыштаў, гвалту і рэпрэсіяў, якія ўжывае Лукашэнкаўскі рэжым.

(Ніка, студэнтка: ) “Мы ўсім сэрцам зараз там, на Радзіме, вось таму мы сюды і прыходзім, каб (улады) не забываліся, што ёсьць супраціў, што супраціў працягваецца.”

(Маша, студэнтка: ) “Першае, адкуль ідзе рэвалюцыя, гэта з сэрца. І ў людзей у сэрцах ужо адбылася рэвалюцыя, таму людзі не пабаяцца гэта паказаць”.

(Дзяўчына: ) “Я веру, мы справімся. Я там была, на плошчы, і гэты дух ужо ўва мне. Падтрымка заўсёды патрэбная, нават сказаць такую простую рэч – Мы з вамі!”

(Спадар: ) “Я разумею вашыя памкненьні, я падтрымліваю вас. Я з Ірляндыі, мае сябры ўсе – за тых, хто пратэстуе ў Беларусі. Я разумею як вам цяжка.”

Пікеты ладзяць літоўская грамадзкая арганізацыя Аб''яднаны цэнтар беларускіх ініцыятаваў і партыя кансэрватараў Літвы. Беларускія актывісты ў Літве плянуюць стварэньне грашовага фонду падтрымкі пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі. Людвіка Вітушкава ў часе пікету таксама прапанавала:

(Вітушкава: ) “Не чакаючы перамогі, варта ўжо ствараць фонд накшталт фонду Візэнталя. Мы павінны ведаць ня толькі ахвяры, але і кожнага, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях хаця б якім чынам. Засьведчыў ілжыва – прозьвішча ўносіцца ў сьпісы. Таксама судзьдзяў, тых, хто ўдзельнічаў у правакацыях. Кожны павінны стаць перад судом, ад ілжывага сьведкі да генэрала.”

Рада Саюдзісу (Зрушэньне) Літвы сёньня прыняла заяву “За права беларусаў свабодна выбіраць!”. "Саюдзіс", які браў чынны ўдзел у выхадзе Літвы са складу Савецкага Саюзу, аднавіўшы незалежную літоўскую дзяржаву, заявіў рэзкі пратэст “супраць парушэньняў дэмакратычных нормаў, незаконных “выбараў” і апошняй дыктатуры Эўропы”. У заяве выказваецца “салідарнасьць з брацкай Беларусьсю і патрабуецца спыніць незаконны перасьлед грамадзянаў і рэпрэсіі, і даць магчымасьць жыхарам Беларусі свабодна вырашаць лёс сваёй дзяржавы.”
XS
SM
MD
LG