Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да зьбітага польскага дыплямата не выклікаюць лекара


Радыё Свабода Затрыманы разам з дэманстрантамі польскі дыплямат, былы амбасадар у Беларусі Марыюш Машкевіч сёньня быў моцна зьбіты. Да яго доўга не дапускалі польскіх консулаў і лекара, акрамя таго ў спэцпрымальніку-разьмеркавальніку адмовіліся ўзяць харчовыя перадачы для яго і яшчэ двух затрыманых польскіх грамадзянак.

Кіраўнік консульскага аддзелу польскай амбасады Кшыштаф Сьвідэрэк сёньня шмат разоў езьдзіў да вязьніцы на вуліцу Акрэсьціна. Спачатку яго не дапусьці да былога амбасадара Марыюша Машкевіча і польскіх грамадзян, затрыманых міліцыяй, пасьля таго як у МЗС Беларусі была накіраваная нота пратэсту з гэтай нагоды, консулаў усё ж дапусьцілі і тыя высьветлілі наступнае,– гаворыць спадар Сьвідэрэк.

(Сьвідэрэк: ) “Так ён гаварыў, што быў пабіты. У аўтобусе ці пад час затрыманьня. Цяжка нам сказаць. Ён нам сказаў, што затуляў рукамі галаву, так што па целе білі, відаць. Ён прасіў каб выклікалі лекара. Мы адпаведную ноту перадалі ў МЗС”.

Па стане на вечар 24 сакавіка інфармацыі аб тым, што спадар Машкевіч атрымаў мэдычную дапамогу не было.

Польскія консулы паводле папярэдняй дамоўленасьці прывезьлі ўвечары ў спэцпрыёмнік перадачы з прадуктамі і прадметамі гігіены. Але іх адмовілі ўзяць, заявіўшы, што польскіх грамадзян павезьлі ў суд. У які, аднак не паведамілі. Аднак пакуль не засудзілі, суд перанесены на заўтра.

Тым часам ля спэцпрыёмніка на вуліцы Акрэсьціна цэлы дзень стаялі дзясяткі людзей, якія хацелі нешта даведацца пра сваіх блізкіх, перадаць ім харчы і вопратку.

Спадарыня Лідзія, якая шукае інфармацыю пра сваіх сыноў:

(Спадарыня Лідзія: ) “У мяне тры сына там, такія хлопцы харошыя, ня ведаю, што зь імі будзе. Яны ўсе згубяць працу. Лукашэнка іх зьнішчыць напэўна, я ж адгаворвала іх, але ў душы я іх падтрымлівала”.

Сыны спадарыні Лідзіі працуюць на МТЗ у каледжы і ў камп’ютэрнай фірме.

Спадарыня Лідзія уважліва слухала парады аб тым, што трэба ў камэрах ад Юрыя Карэтнікава, які сёньня быў вызвалены са спэцпрымальніка, якія перадачы там чакаюць, а таксама ягоны аповед пра побыт у вязьніцы.

(Карэтнікаў: ) “Кожны дзень пяем беларускія патрыятычныя песьні, дзякуй праваабарончым цэнтрам, таму што спачатку калі нас пасадзілі, тры дні быў каранцін і нам не давалі перадачы. Тое ж, чым кормяць там, сьвіньням напэўна даюць”.

Цягам паўгадзіны ў спэцпрымальнік прыйшло тры аўтобусы з новаасуджанымі удзельнікамі мітынгу пратэсту. Людзі віталі іх як герояў і выгуквалі:

(Людзі: ) “Свабоду! Свабоду!”

Гл.таксама • Каля 200 чалавек чакалі на Акрэсьціна вестак (фотарэпартаж) • Кроніка разгрому намётавага гарадка і затрыманьня пратэстоўцаў • Што адбылося на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG