Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Перад 25 сакавіка Жодзіна ў блякадзе"


Радыё Свабода У Жодзіне міліцыянты ўсталявалі пільны кантроль за перамяшчэньнем мясцовых актывістаў. Апазыцыянэры лічаць, што гэта зьвязана з заплянаванай на 25 сакавіка ў Менску акцыяй з нагоды дня незалежнасьці БНР.

Паводле жодзінскіх актывістаў дэмакратычнага руху, мясцовая міліцыя выпрацавала плян дзеяньняў, які мае на мэце не дапусьціць іх удзелу ў акцыі 25 сакавіка. Вось што паведаміў сябра выбарчай каманды Мілінкевіча Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Перад 25 сакавіка Жодзіна цалкам знаходзіцца ў блякадзе. Усю міліцыю выпусьцілі патруляваць у цывільным адзеньні горад. У асноўным гэта аўтавакзал, выезды з гораду, два чыгуначныя вакзалы. Ім раздадзены фотаздымкі актывістаў, а менавіта: Аляксандра Вінаградава, Зьмітра Чарткова, Барыса Бабкова, Паўла Красоўскага, Сяржука Гудзіліна, Паўла Каранюхіна, Сержука Мурашкі, Яўгена Ваўкаўца, Алеся Чырэйкі, а таксама Аляксея Лапіцкага, Аляксандра Валчаніна. Гэта тыя, хто былі апошнім часам актыўныя, хто выказваўся супраць дзеючай улады. Загадана іх затрымліваць і дастаўляць у міліцыю – ня важна, ў якім напрамку яны будуць рухацца: ці гэта ў бок Менску, ці ў іншы бок”.

Паведаміў Зьміцер Чарткоў, які, нагадаю, 23 сакавіка выйшаў на волю пасьля адбыцьця 7-дзённага арышту.

Супрацоўнікі жодзінскай міліцыі, аднак гавораць, што ніякага пляну прэвэнтыўных дзеяньняў у дачыненьні да мясцовых апазыцыйных актывістаў, у іх няма:

(Міліцыянт: ) “Няправільная ў вас інфармацыя. Нехта выдумаў і пайшло гуляць па горадзе. Нічога такога няма ў нас”.

Між тым, да Зьмітра Чарткова ўжо сёньня ўвечары прыйшлі прадстаўнікі праваахоўчых органаў, аднак не засталі яго дома. Чарткоў не выключае, што павышаная ўвага да мясцовых апазыцыйных дзеячоў зьвязаная яшчэ й з учорашнім затрыманьнем на Кастрычніцкай плошчы ў Менску шэрагу яго жодзінскіх паплечнікаў – Сяржука Гудзіліна, Паўла Каранюхіна, Сяржука Мурашкі…

“Маладафронтавец” Павал Красоўскі таксама адчувае пільную ўвагу жодзінскіх праваахоўчых органаў:

(Красоўскі: ) “Сапраўды жодзінская міліцыя ўзяла пад кантроль нашых людзей. Я думаю, што ў іх ёсьць партрэты тых людзей, якіх трэба затрымліваць – арыенціроўкі. Бо напярэдадні 19 сакавіка таксама затрымлівалі нашых людзей менавіта па арыенціроўках.”.
XS
SM
MD
LG