Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава: зьбіты актывіст, які пратэставаў перад амбасадай Беларусі


Аляксей Дзікавікі, Варшава У Варшаве зьбіты актывіст Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі. Ён і ягоныя паплечнікі лічаць, што інцыдэнт зьвзаны зь ягоным знаходжаньнем у намёце насупраць амбасады Беларусі. Варшаўская паліцыя вядзе сьледзтва.

Анджэй Фэрбэр уваходзіў на станцыю мэтро каля свайго дому калі нехта моцна ўдарыў яго ў сьпіну, так што ён ўпаў з прыступак. Потым двое маладых мужчынаў пачалі біць яго нагамі, сарвалі бел-чырвона-белую стужку з курткі, значак “Салідарнасьць зь Беларусьсю” і крыкнуўшы “цяпер ты страціш ахвоту пратэставаць” хутка ўцяклі.

(Фэрбэр: ) “Яны вельмі добра гаварылі па-польску, так што гэта хіба былі палякі. Я добра не пабачыў іхныя твары, бо ляжаў на зямлі і закрываў свой твар. Ад моцных пабояў мяне ўратавала шмат вопраткі, бо ў намёце ўначы холадна. Усё цягнулася ня больш хвіліны, потым пачалі выходзіць людзі з мэтро і яны ўцяклі”.

Анджэй Фэрбэр кажа, што зьвярнуўся ў паліцыю, якая пачала сьледзтва. Справай зацікавіліся таксама польскія спэцслужбы і некаторыя палітыкі.

Сябра Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі падазрае, што яго зьбілі за прысутнасьць у намёце ля беларускай амбасады.

(Фэрбэр: ) “Мы ўсе зьвязваем гэта з нашай дзейнасьцю. Учора раніцай недалёка ўвесь час стаяў нейкі аўтамабіль, зь якога за намі сачылі невядомыя. Адзін зь іх нават заглядаў у намёт. Увогуле тыя, хто напаў, добра выбралі момант, ведалі дзе я жыву. Дарэчы менавіта гэты адрас я пакідаў у амбасадзе ў заяве на атрыманьне беларускай візы. Калі б гэта было звычайнае хуліганства, дык забралі б мабільны тэлефон, заплечнік ці грошы, але яны гэтым нават не цікавіліся”.

Меркаваньне Старшыні Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антося Цялежнікава, які таксама ўвесь час знаходзіцца ў намёце каля амбасады.

(Цялежнікаў: ) “Я не сумняюся, што гэта зьвязана з тым, што Анджэй – сябра нашай арганізацыі, ён часта начуе ў намёце. Зь яго зрываюць беларускую сымболіку...Тут другі дзень стаяць нейкія дзіўныя аўтамабілі, і людзі зь іх за намі назіраюць. Яны не прыяжджаюць сюды па візы, але менавіта стаяць і сочаць за намі”.

З намёту каля амбасады ад раніцы да вечара вельмі голасна гучыць беларуская музыка, а амаль штодня ўвечары там адбываюцца мітынгі, прысутнічае прэса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG