Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці затрыманых цэлы дзень стаяць перад зачыненымі брамамі Акрэсьціна


Радыё Свабода Каля Акрэсьціна ўсё яшчэ стаяць дзясяткі людзей. Адтуль перадае наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) "Побач са мной бацькі затрыманых маладых людзей. Яны вельмі абураюцца. Яны хвалююцца.

Сярод іх ёсьць людзі, якія больш як двое сутак ня могуць знайсьці сваіх дзяцей. Яны патрабуюць ад міліцыі інфармацыі, але ніхто ім нічога не паведамляе. Толькі зрэдчасу з-за брамаў выходзіць міліцыянт, выкрыквае 3-4 прозьвішчы і сыходзіць.

Да людзей толькі што прыехаў Аляксандар Мілінкевіч і ягоная жонка Іна Кулей. Ён паведаміў, што сам ня можа знайсьці свайго сына, якога затрымалі сёньня ўночы на Кастрычніцкай плошчы разам зь іншымі ўдзельнікамі.

Аляксандар Мілінкевіч супакойваў бацькоў. Казаў ім, што ня трэба баяцца. Мілінкевіч заявіў, што людзі будуць стаяць і далей на Кастрычніцкай плошчы, будуць выходзіць на плошчу, каб выказаць пратэст супраць фальсыфікацыі і падману. Месца ў турмах для ўсіх ня хопіць, зазначыў Мілінкевіч.

Ён таксама паведаміў бацькам, што амбасады ўсіх заходніх краінаў сёньня падалі ноты пратэсту ў МЗС і на імя А.Лукашэнкі. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых на Кастрычніцкай плошчы. Мілінкевіч спадзяецца, што гэта можа паўплываць на беларускія ўлады.

Частка людзей, а ўсяго іх тут цяпер амаль сотня, так і ня ведаюць, дзе іх сыны і дочкі. Яны абураюцца, непакояцца. Некаторыя маці плачуць.

Заўтра, нягледзячы на выходны дзень, будуць працаваць суды. Сёньня затрыманых судзілі на працягу ўсяго дня.

Самі супрацоўнікі міліцыі на Акрэсьціна, а іх ня так шмат, выглядаюць вельмі напалоханымі. Раней бацькі заблякавалі выезд з брамак спэцпрымальніка. Бацькі заявілі: калі яны трымаюць нашых дзяцей, то мы ня выпусьцім іх саміх.

Дзіцячы і дарослы спэцпрымальнікі маюць агульны ўнутраны двор і праход. Стала вядома, што кіраўнік і два ягоныя намесьнікі пакінулі спэцпрымальнік, так бы мовіць, "чорным ходам" – праз выхад з дарослага спэцпрымальніка. Калі бацькі ўбачылі іх машыну з танаваным шклом, яны пачалі скандаваць: "Ганьба! Ганьба!"

Гл.таксама • Каля 200 чалавек чакалі на Акрэсьціна вестак (фотарэпартаж) • Кроніка разгрому намётавага гарадка і затрыманьня пратэстоўцаў • Што адбылося на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG