Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастрычніцкая плошча заблякавана; затрымана француская журналістка


Радыё Свабода Восьмая гадзіна вечара ў Менску. На Кастрычніцкай плошчы затрыманыя звыш 20 чалавек. Сярод затрыманых журналістка францускай газэты “Liberation”. Кіруе затрыманьнямі палкоўнік Юры Падабед. З Кастрычніцкай плошчы перадае наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) "Сёньня людзі прыносілі кветкі на месца палатачнага гарадка, які а 3-й раніцы разграміў спэцназ, затрымаўшы сотні людзей.

Яшчэ сёньня тут стаялі намёты і луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, а цяпер на гэтым месцы стаяць трактары, каб людзі не змаглі ўскласьці кветкі.

Там, дзе праводзіліся мітынгі, зрабілі паркінг – цяпер там радамі стаяць машыны.

Лёд на катку быў узараны. Па гэтай сьлізкай няроўнай паверхні, з вострымі краямі, вельмі небясьпечна ісьці, асабліва калі тут будзе масавая акцыя.

Магчыма, так улады хочуць ускладніць доступ людзей на плошчу 25 сакавіка, у Дзень Волі.

Цяпер міліцыянты заблякавалі праход да Кастрычніцкай плошчы.

Да журналістаў сёньня ставяцца ня так паблажліва, як у папярэднія дні. "Ідзіце адсюль! Карцінкі ня будзе!" – заявіў нам міліцыянт, калі мы наблізіліся да плошчы.

Толькі што была затрыманая карэспандэнтка францускай "Лібэрасьён" Лярэн Мілё.

Магчыма, у гэтым ёсьць часткова і мая віна. Я запрасіў яе на Кастрычнікую плошчу, калі яна стаяла каля спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна, сам падвёз яе да плошчы.

Пасьля затрыманьня журналісткі я падышоў да спадара Падабеда, кіраўніка менскага спэцназу і папрасіў адпусьціць францускую журналістку, якая нічога не парушыла. На гэта Падабед адказаў: "Калі яна супраціўлялася міліцыі, то яна будзе асуджаная. А ў Францыі яшчэ і не такое! Я бачыў па "Эўраньюз", што там адбываецца".

Гл.таксама • Кроніка разгрому намётавага гарадка і затрыманьня пратэстоўцаў • Што адбылося на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG