Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы Менску сваякі затрыманых?


Галіна Абакунчык, Менск Бацькі, сваякі й сябры затрыманых на Кастрычніцкай плошчы прыйшлі да прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Пра падзеі ночы й дня 24 сакавіка зь імі гутарыла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Хто вы?”

(Спадарыня: ) “Маці. Сын там. Пайшоў на плошчу — хацеў справядлівасьці. Ведаю, што а 3-й яго прывезьлі сюды і да 10-й ранку яны стаялі каля гэтай сьцяны, уткнуўшыся лбамі”.

(Спадарыня: ) “Майго сына затрымалі таксама гэтай ноччу. Ён дыябэтык, але я нават ня ведаю, дзе ён, ня тое каб лекі перадаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Да каго вы прыйшлі?”

(Спадарыня: ) “У мяне сын. Яго ўзялі каля цырку, калі ён ішоў з працы й нёс моладзі харчы”.

(Карэспандэнтка: ) “Да каго вы прыйшлі?”

(Юнак: ) “Да сваіх знаёмых і сяброў, аднадумцаў, якія сюды патрапілі. Я таксама мог апынуцца разам зь імі, бо мінулую ноч быў, але гэтую ноч ня выпала. Дэмакратыя паказальная завяршылася — вось што пра гэта ўсё можна сказаць. Хапалі цішком, а цяпер хапаюць на плошчы”.

(Спадарыня: ) “Мы нічога ніхто ня ведаем. Хочу сказаць, што акрамя нас, бацькоў, сюды прыходзяць людзі й прыносяць паесьці. Ведаю жанчыну, якая зрабіла піццу, каб перадаць зьняволеным”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы пра гэта ўсё можаце сказаць?”

(Спадарыня: ) “У мяне тут сын — чалавек з вышэйшай адукацыяй. Відаць, што паднялося новае пакаленьне — ня гэтае быдла, якое стаіць ля стырна. І, канечне, мы цалкам падтрымліваем апазыцыю”.

(Юначка: ) “Крыўдна, што сядзяць людзі найлепшыя. Акрамя таго, мы хвалюемся за іхны статус студэнтаў”.

(Спадарыня: ) “Я прыйшла за чужых дзяцей — гэта лепшыя людзі, гэта краса нацыі. Гэта сапраўдныя патрыёты”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы пра гэта ўсё думаеце, што цяпер адбываецца?”

(Спадарыня: ) “Жахліва, дыктатура страшнейшая. Нацызм — што яшчэ можна думаць? Нацызм — усё”.

(Юнак: ) “Хачу сказаць, што мне вельмі крыўдна за тых, хто за кратамі. Іх абылгалі на ўсіх тэле- і радыёканалах. Я ім вельмі спачуваю, і ва ўсім буду падтрымліваць?”

(Юначка: ) “Я нікога не шукаю, а прыйшла падтрымаць тых людзей, якія прыйшлі перадаць перадачу. Мы ім прынесьлі гарачую гарбату ад імя ўсёй рэдакцыі газэты “Наша Ніва”.

(Спадарыня: ) “Мяне завуць Алена. Тут ужо другі дзень спрабую перадаць перадачу сваёй дачцэ Сьвятлане. Яе арыштавалі толькі за тое, што яна прывезла сваім сябрам спальнік. Мы ніхто для сваёй дзяржавы. Чым больш інтэлекту ў чалавека, тым больш ён замінае дзяржаве і ўладзе. Таму, відаць, пастаўлена задача ўсіх нас зьнішчыць, а пакінуць толькі тых, хто п’е, ужывае наркотыкі й абедзьвюма рукамі галасуе “за”.
XS
SM
MD
LG