Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 200 чалавек чакалі на Акрэсьціна вестак (фотарэпартаж)<b/>


Галіна Абакунчык, Менск Цягам дня каля прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна заставаліся сваякі й знаёмыя затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту на Кастрычніцкім пляцы Менску. Яны чакалі зьвестак пра лёс затрыманых, а таксама прынесьлі цёплыя рэчы, лекі й прадукты.

Людзі, якія гадзінамі стаялі каля сьценаў спэцпрыёмніку, нічога ня ведалі пра лёс затрыманых.

(Карэспандэнтка: ) “Хто вы й да каго вы прыйшлі?”

(Спадарыня: ) “Да дачкі. Перадачу прынесла”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас яе бяруць?”

(Спадарыня: ) “Не. Нічога ня кажуць, я нават ня ведаю, дзе яна. Хоць бы сказалі, ці тут яна”. (Плача.)

(Галасы людзей: ) “Няхай скажуць бацькам, дзе дзеці?.. Выклічце нам начальніка! У вас сумленьне ёсьць?.. Няма тут ніякага сумленьня ўвогуле. Яны ня хочуць лекі браць… Яны ж ілбом да сьцяны дагэтуль стаяць… На вуліцы адзін датэлефанаваўся маці… Бачыце, якое ў нас бяспраўе?.. Жах! Людзі, хто нам дапаможа?”

Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо, які быў арыштаваны на 5 сутак за тое, што забраў з участку выбарчы бюлетэнь, якраз у гэтыя хвіліны выйшаў на свабоду й паведаміў:

(Юхо: ) “Усе камэры перапоўнены. Сказалі, што цяпер яшчэ 90 чалавек прывязуць. Гэты корпус увесь заняты, і кажуць, што другі таксама запоўнены ўвесь”.

Аляксандру Казуліну, які прынёс перадачу сваім затрыманым сваякам, адмовіліся паведаміць пра іхны лёс. Тое, што цяпер адбываецца, будзем абмяркоўваць з Аляксандрам Мілінкевічам, паведаміў спадар Казулін.

(Казулін: ) “У нас няма разыходжаньняў. Мы ідзем разам дзеля будучыні. Сёньня мы зь ім сустрэнемся, каб вырашыць, як нам быць”.

Да спэцпрыёмніку на Акрэсьціна прыходзілі людзі падтрымаць затрыманых.

(Спадар: ) “Юры, прыватны прадпрымальнік”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы прывезьлі сюды?”

(Спадар: ) “Чай з “Макдональдзу”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас тут нехта ёсьць?”

(Спадар: ) “Нікога няма. Але вось гэтае маленькае мястэчка свабоды нам паказала, што нам трэба самаарганізоўвацца і рабіць нейкую маленькую справу. Вось і ўсё”.

Неўзабаве затрыманых пачалі вывозіць на аўтобусах у невядомым кірунку. Людзі віталі іх знакам “вікторыя” і воклічамі.

За падзеямі на Акрэсьціна сачыў юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Вось што ён сказаў Радыё Свабода”:

(Стэфановіч: ) “Тое, што тут адбываецца, гэта проста жах. Але што можна чакаць ад установы, якую ўзначальвае чалавек, падазраваны ў зьнікненьні й магчымым забойстве людзей? Гэта проста паказвае твар нашай улады”.

Гэтыя здымкі былі зробленыя на Акрэсьціна 24 сакавіка ўначы, у 5-6 гадзінаў



Прыблізна ад 7 раніцы каля прымальніка-разьмеркавальніка пачалі зьбірацца людзі
XS
SM
MD
LG