Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеячы культуры пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы


Ігар Карней, Менск Як дзеячы літаратуры і мастацтва паставіліся да разгону акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску? Тут прадстаўленыя меркаваньні Зінаіды Бандарэнкі, ігара Дабралюбава, Георгія Ліхтаровіча, Сяргея Цімохава, Ніны Мацяш, Валера Раеўскага, Расьціслава Янкоўскага

(Вядучы: ) Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка лічыць, што падзеі гэтай начы засьведчылі нэрвовасьць улады і салідарнасьць людзей, якія імкнуцца да свабоды.

(Бандарэнка: ) “Проста жах, што адбылося. Я ўчора ўвечары была на плошчы, бачыла і радавалася за нашу моладзь, што ёсьць каму несьці далей у сьвет нашую будучыню, нашае будучае змагарства. Прадказальна, вядома ж, гэта ўсё было, але ўсё ж чакала, што сёньня прачнемся, яшчэ наведаем плошчу і заўтра будзем рыхтавацца да больш моцнай акцыі. І раптам усё на гэтым скончылася. Шмат сярод затрыманых знаёмых, блізкіх людзей. Адшукваю, у прыватнасьці Алега Дзьячкова, які ўчора яшчэ адмываўся і грэўся ў мяне дома, пачула, што яго таксама арыштавалі… Яшчэ раз прадэманстравалі сваю нэрвовасьць нашыя ўлады, паказалі, наколькі яны дэмакратычныя ў адносінах да людзей. Але тое, што адбылося пасьля 19-га, паказала: нашае расколатае грамадзтва на шляху да яднаньня. Пасьля таго, што зрабіла ўлада з намі, мы ўсё ж на шляху яднаньня. Салідарных людзей становіцца ўсё больш і больш — і думаю, што заўтра людзі прыйдуць на плошчу”.

Кінарэжысэр, народны артыст Беларусі Ігар Дабралюбаў (пастаноўшчык адной з самых папулярных кінакамэдыяў савецкага часу “Белыя Росы”) падкрэсьлівае, што ён прынцыпова на баку маладых людзей.

(Дабралюбаў: ) “Дзяржава прадэманстравала сваю сілу супраць няўзброеных людзей. У маю галаву ўсё гэта не ўкладаецца. Не паводле закону дзейнічаюць, а паводле жаданьня некага. Маўляў, як хачу, гэтак і будзе. Міністар унутраных справаў даў загад, ці нехта нават вышэй?.. Чаму трое сутак можна было, а на чацьвертыя ўзялі і разагналі?.. Не разумею, навошта гэта, чаму?.. Яны не хуліганілі, яны паводзілі сябе прыстойна. Харошыя маладыя людзі. Іх берагчы трэба… Мне было шкада іх”.

Фотамастак, паэт Георгі Ліхтаровіч лічыць, што дзеяньні ўлады былі прадказальныя.

(Ліхтаровіч: ) “Жахлівая навіна… Але гэтага трэба было чакаць, бо ўлады не маглі даць нам такой вольніцы — дачакацца нашага сьвята. Даць магчымасьць выстаяць лягеру і гэтым гераічным маладзёнам на плошчы да 25 сакавіка азначала б даць магчымасьць адзначыць Дзень Волі па-сапраўднаму. А дазволілі стаяць тры дні — каб, з аднаго боку, зрабіць выгляд больш менш дэмакратычнай сытуацыі. Маўляў, пратэстуюць, хай сабе і пратэстуюць… З другога боку, яны разумелі, што беларусы — законапаслухмяны народ, удзень будуць працаваць, вучыцца, займацца сваімі хатнімі справамі, і толькі ўвечары могуць зьбірацца. А ўвечары цёмна, сьвятло выключылі, ніхто нічога амаль ня бачыць. Але ўсё ж людзі ўсё бачылі. Таму яны паціху гэтае кола сьціскалі. Спачатку выключылі сьвятло, потым адціснулі ад праезнай часткі, пачалі санкцыі супраць аўтамабілістаў, якія віталі пратэстоўцаў. Апошнім крокам стаў разгон. Зрабілі яго, як злодзеі, ноччу”.

Мастак Сяргей Цімохаў па разгоне лягеру пратэстоўцаў гаворыць пра надыход змрочнага часу для грамадзтва.

(Цімохаў: ) “Уражаньні самыя і самыя сумныя. Гэта ўжо жахлівы час надыходзіць, час 1937 году. Проста зьдзіўляесься, што пасьля таго, як дзясятак гадоў гаварылі пра гэта, глядзелі, слухалі і зьдзіўляліся, што было ў той час, гэты час чамусьці вярнуўся да нас зноў. І вось гэта найбольш палохае. Нейкім чынам мы замкнуліся зноў у гэтае кола, і нейкая безвыходнасьць — калі ўсё ж мы з гэтага выштурхнемся? Зразумела, шкада гэтых людзей, якія гераічна стаялі на плошчы, і што такім чынам нам даводзіцца хоць нешта пра некага сказаць, таму што інфармацыі ж зусім не хапае. Практычна можна паслухаць толькі Радыё Свабода, і ўсё, больш ніякай інфармацыі — ні па расейскіх каналах, ні па іншых. “Эўраньюс” яшчэ — і тое тры-чатыры словы, вельмі асьцярожна. Камэнтары даволі памяркоўныя. Мне здаецца, што маглі б быць больш шчырыя, адкрытыя і больш правільныя. Бо мы практычна ў ізаляцыі. Калі параўноўваць з украінскімі падзеямі, дык гэта зусім розныя рэчы”.

Паэтка Ніна Мацяш называе ўдзельнікаў акцыі гонарам нацыі, а дзеяньні ўладаў — уціскам і зьдзекам.

(Мацяш: ) “Уражаньне вельмі сумнае, скрушнае. Безумоўна, што гэта чакалася. Улады не маглі дапусьціць Дня Волі. Таму што, калі ўжо арыштаваны і Звон Волі, яны не маглі дапусьціць, каб 25-га выйшлі людзі і далучыліся да тых, хто мае гонар абараняць, цярпець. Як казала Ларыса Геніюш, “имею честь страдать за Беларусь”. Вось гэтыя маладыя людзі — гэта сапраўды гонар нашай нацыі. Ну, што зробіш? Трэба толькі супраціў нейкі ўсё ж доўжыць. Якім чынам? Унутраным, бо пакуль што мы нічога ня можам зрабіць. Трэба нешта іншае. А што яшчэ? Я ведаю адно, што асабіста я не магу зьмірыцца з гэтым становішчам, якое ёсьць. З гэтым змрокам, уціскам і зьдзекам”.

Галоўны рэжысэр Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы Валеры Раеўскі, хацеў таго, ці не, але бачыў штодня, што адбываецца на плошчы, бо тэатар знаходзіцца за нейкіх дзьвесьце мэтраў. А 19 сакавіка з нагоды масавай акцыі пратэсту нават адмянілі спэктакль. Вось меркаваньне рэжысэра.

(Раеўскі: ) “Зьбірацца, напэўна, трэба было, калі ўжо задэкляравалі, калі адзін зь іх імкнуўся да прэзыдэнцтва. Аднак трэба было адчуць час, не зусім надакучваць. Чацьверты дзень ужо не вытрымліваў крытыкі. Пераседзелі, разумееце? Такое адчуваньне, што нехта некаму нешта павінен, і мы ўжо дасядзім… Самім трэба было быць псыхолягамі. На гнеў заўсёды адказваецца гневам. Такая моладзь павінна быць. “Пока свободою горим, пока сердца для чести живы…” Заўсёды ва ўсе часы моладзь аднолькавая. Яна імкнецца да чагосьці новага”.

Размова нашага карэспандэнта з народным артыстам СССР Расьціславам Янкоўскім аказалася самой кароткай.

(Янкоўскі: ) “Не, я на гэтую тэму не хачу гаварыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG