Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз прыме абмежавальныя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі<b/>


Радыё Свабода Тэма Беларусі сёньня шырока прагучала на саміце кіраўнікоў Эўразьвязу ў Брусэлі

Лідэры Эўразьвязу згадзіліся ўвесьці новыя санкцыі супраць Беларусі, уключаючы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Такое рашэньне было прынятае пасьля разгону палатачнага гарадку на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Аб гэтым гаворыцца ў заяве дзяржаўных і ўрадавых кіраўнікоў краінаў ЭЗ, прынятай сёньня на саміце ў Брусэлі.

Міністарка замежных справаў Аўстрыі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, заявіла, што санкцыі будуць мець абмежавальны характар і будуць тычыцца тых, хто парушыў міжнародныя выбарчыя стандарты, уключаючы прэзыдэнта Лукашэнку. Пласьнік, аднак, не паведаміла падрабязнасьцяў.

Эўрапейскія лідэры выказалі сваю заклапочанасьць сёньняшнімі арыштамі. Яны рэзка скрытыкавалі шматлікія парушэньні, якія назіраліся падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і запатрабавалі ад беларускага кіраўніцтва паважаць свабоду слова, мітынгаў і сходаў.

Раней сёньня Ўрсула Пласьнік, міністарка замежных справаў Аўстрыі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, заклікала тэрмінова вызваліць затрыманых уначы апанэнтаў беларускага рэжыму.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер прапанаваў запрасіць лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча на наступны саміт міністраў замежных справаў ЭЗ 10 красавіка.

Падзеі ў Менску для радыё Свабода камэнтуе Андрэс Гэркэль – старшыня падкамісіі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў справах Беларусі.

(Гэргэль: ) “Калі браць пад увагу лёгіку дзеяньняў гэтага рэжыму, дык тут, канешне, гэта мяне не зьдзівіла. Але гэта чарговы, жорсткі крок у накірунку здушэньня грамадзянскіх свабодаў і свабоды выказваньняў. З другога боку, мы бачым цяпер дакладна, чаму выбары ў Беларусі былі прызначаныя на гэты тэрмін – тыдзень перад выбарамі украінскімі, на якія пераключыцца ўвага міжнароднай супольнасьці. Цяпер можна зьнішчыць гарадок на плошчы, калі камэраў і замежнікаў няшмат. Міжнародныя арганізацыі павінны рэагаваць вельмі рашуча і адэкватна што да вынікаў выбараў, але і таксама і падзеяў пасьля выбараў”.
XS
SM
MD
LG