Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадара Латушку выклікалі ў польскае МЗС


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка быў выкліканы ў МЗС гэтай краіны ў сувязі з выказваньнямі на адрас журналіста аднаго з польскіх тэлеканалаў, якому Латушка хацеў “даць у морду”.

Паводле прэсавага сакратара МЗС Польшчы Паўла Дабравольскага дырэктар дыпляматычнага пратаколу міністэрства Томаш Арлоўскі, які выклікаў Паўла Латушку, меў зь ім “жорсткую і катэгарычную размову”.

“Беларускаму амбасадару было паведамлена, што ягоныя паводзіны не адпавядалі Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных дачыненьнях і нэгатыўна адбіваюцца як на іміджы пасла, так і дзяржавы, якую ён прадстаўляе. Канешне, дачыненьні дыпляматычных прадстаўніцтваў з мэдыямі – гэта іхная ўласная справа, але ўжываньне такіх словаў у дачыненьні да дэмакратычных мэдыяў заслугоўвае ганьбаваньня”, заявіў спадар Дабравольскі.

Прадстаўнік польскага МЗС заявіў, што рашэньне аб увядзеньні санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў – забарона на ўезд на польскую тэрыторыю, адказных за фальсыфікацыі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў, ужо прынятае, аднак Польшча яшчэ чакае з увядзеньнем забаронаў у сілу, спадзеючыся, што такія ж крокі зробіць увесь Эўразьвяз.

У мінулым тыдні Павал Латушка праз тэлемост браў з будынку амбасады ўдзел у публіцыстычнай праграме “24 гадзіны” інфармацыйнага тэлеканалу “TVN24” – беларускі дыплямат даволі спакойна адказваў на пытаньні вядучага праграмы Багдана Рыманоўскага пра хаду выбараў, доступ апазыцыйных кандыдатаў да мэдыяў, арышты, ды іншыя, але калі тэлемост скончыўся і апэратар выпадкова не адключыў камэру, спадар Латушка сказаў літаральна наступнае.

(Латушка: ) “Скажу так – я ніколі больш ня дам інтэрвію вашай станцыі – гэта кашмар... Вашыя журналісты гэта... ну... тое што зрабілі ўлетку, а цяпер ізноў пачынаюць з прэзыдэнтам... Гэта проста... Калі б ня быў амбасадарам, дык прабачце і прашу перадаць гэта яму (вядучаму), даў бы ў морду”.

Павал Латушка меў на ўвазе вядучага праграмы.
XS
SM
MD
LG