Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Ільін – адзін з арыштаваных удзельнікаў пратэсту


Радыё Свабода У зьліквідаваным намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы ў момант захопу знаходзіўся і актывіст незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Мікола Ільін. Учора хлопец намагаўся даставіць на плошчу кампактны біятуалет. Калі Мікола выйшаў з машыны, да яго падбеглі байцы спэцназу і некалькі разоў ударылі па галаве і па нырках. “Хуткая дапамога” зафіксавала чэрапна-мазгавую траўму. Хлопец адмовіўся ад шпіталізацыі і застаўся на плошчы разам з усімі. Сябры Міколы Ільіна зрабілі яму ложак з коўдраў і спальных мяшкоў, даглядалі яго і давалі яму лекі.

Мікола Ільін жыве ў Магілёве. Ён прыехаў у Менск яшчэ 19 сакавіка. Мікола разам са сваімі паплечнікамі штодня стаяў на плошчы.

Усе ўдзельнікі акцыі ведаюць, наколькі небясьпечным можа стаць паход у прыбіральню, альбо ў краму па цыгарэты. У першую ноч дзесяткі чалавек трапілі ў рукі байцоў спэцназу менавіта па дарозе ў прыбіральню і ў кавярню па гарачую ваду. Некалькі разоў маладыя людзі спрабавалі даставіць біятуалеты на плошчу. У выніку – пяцёра затрыманых і зьбітых, туалеты адабраныя.

Мікола Ільін выйшаў з машыны. Калі спэцназаўцы зразумелі, што ў руках у хлопца біятуалет, яны кінуліся да яго. Адзін зь іх моцна ўдарыў хлопца па галаве, а другі па нырках. Хлопец нават страціў прытомнасьць. Сябры Міколы выклікалі “хуткую”.

(Мікола: ) “Я намагаўся прывезьці туалет, бо ў нашым лягеры амаль немагчыма хадзіць у прыбіральню, бо міліцыянты перашкаджаюць усяму. Затрымліваюць усіх людзей, якія нясуць сюды цёплыя рэчы, ежу. Але я ня стану слабейшым, нават калі мне вельмі балюча. Ведаю, што калі я адчуаю боль, то жыву і мушу рабіць дабро. Тое, што адбылося – яшчэ адзін крок да перамогі”.
XS
SM
MD
LG