Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Навумчык: "Сёньняшняя ноч – паўтор 12 красавіка 1995 г."


Радыё Свабода, Прага На сувязі Сяргей Навумчык, у мінулым – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, удзельнік галадоўкі дэпутатаў апазыцыі БНФ супраць рэфэрэндуму 1995 года аб дзьвюхмоўі, скасаваньня бел-чырвона-белага сьцяга і гербу “Пагоні”, інтэграцыі з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

(Караткевіч: ) "Сяргей, мы крыху пазьней пагаворым, якія паралелі паміж тымі і цяперашнімі падзеямі, а цяпер, я ведаю, Вы глядзіце выпускі ўсясьветных тэлеканалаў – якая рэакцыя на штурм лягеру ў Менску?"

(Навумчык: ) “Розгалас гвалтоўнай акцыі вельмі гучны. Вядучыя тэлекампаніі пачынаюць выпускі навінаў менавіта з падзеі ў Менску. Паказваюць кадры, як спэцназаўцы кідаюць людзей у аўтобусы. Журналісты пры гэтым нагадваюць, што Лукашэнка сфальшаваў выбары. Гучаць вызначэньні “рэжым Лукашэнкі”, “дыктатура”. Астатнія сюжэты – у тым ліку і шматтысячныя пратэсты студэнтаў у Францыі, саміт Эўразьвязу – ідуць “другім плянам”.

(Караткевіч: ) "Сяргей, у ноч 12 красавіка 1995 года ваша галадоўка была таксама гвалтоўна спыненая, вы былі зьбітыя. Што агульнага і што адрознага ў гэтых падзеях?"

(Навумчык: ) "Мы тады (нас было дзевятнаццаць) селі каля трыбуны, і прапановы Лукашэнкі па рэфэрэндуме пачалі не набіраць галасоў, ён прыбег у залю і выступаў вельмі нэрвова. Не дапамагло. Мы пратрымаліся 17 гадзінаў. Але за гэтыя гадзіны ўсясьветныя агенцыі пасьпелі перадаць, што купка дэпутатаў пратэстуе супраць Лукашэнкі. Уначы ў Авальную залю парлямэнту ўвайшло некалькі сотняў спэцназаўцаў і міліцыянтаў са зброяй, а людзі ў чорных масках (гэта была група КГБ “Альфа” ) нас зьбіла, выцягнула за рукі і ногі з Дому ўраду, нас пакідалі ў “варанкі” і прывезьлі ў цэнтар Менску. Некаторых, як дэпутата Аляксандра Шута – зьбілі і ў машынах. Выкінулі нас, дарэчы, якраз у раёне Кастрычніцкай плошчы.

Дзякуй Богу, што, здаецца, сёньня мітынгоўцаў не зьбівалі моцна, камандзір АМАПу Падабед факт зьбіцьця ў у інтэрвію “Свабодзе” наагул абвяргае (хаця – па апошняй інфармацыі, у машынах усё ж білі). Нас дык зьбівалі вельмі жорстка. Пазьняку выціскалі вочы.

У тую ноч Лукашэнка зразумеў, што чым далей, тым больш шырокі розгалас будзе набываць галадоўка, тым больш шырока будзе вядома, што ён ідзе на зламаньне Канстытуцыі. Тое ж і сёньня – акцыя на Кастрычніцкай набывала шырокі розгалас.

Прыкметна, што ўвечары 11 красавіка 1995 году БТ паказала рэпартаж пра нашу галадоўку з камэнтаром кшталту, што “гэта акцыя самарэклямы, але ўлада павінна прыняць нейкія меры, каб выратаваць гэтых людзей ад галоднай сьмерці”. Учора ўвечары БТ таксама рыхтавала “грамадзкую думку”.

Як і ў 1995-ым, цяпер таксама “апэрацыя” праведзеная ўначы, калі сьведкаў – мінімум. Але нашае зьбіцьцё здымалі толькі два відэаапэратары са спэцслужбаў – сёньня ж былі журналісты. Тады відэастужку зьбіцьця так і не паказалі (хаця Лукашэнка абяцаў – “іх ня білі, іх акуратна вывелі”), яна і да сёньня схаваная – бо калі б паказалі, вынікі рэфэрэндуму маглі б быць іншыя. Сёньня разгром лягеру на Кастрычніцкай плошчы пабачыў увесь сьвет.

Назаўтра пасьля нашай галадоўкі Лукашэнка казаў у парлямэнце, што мы, нібыта, елі і нават пілі гарэлку. Гэта была хлусьня. Падобныя абвінавачваньні з БТ гучаць і ў бок ўдзельнікаў цяперашняй акцыі – хаця ў намётах быў жорсткі “сухі закон”. Сутнасьць прапаганды не зьмянілася. Баюся, што не зьмянілася і рэакцыя грамадзтва на прапаганду, значнай яго часткі, ва ўсялякім разе".

(Караткевіч: ) "А як рэагавала грамадзтва і як яно можа зрэагаваць цяпер?"

(Навумчык: ) “Першым пасьля зьбіцьця мне патэлефанаваў Васіль Быкаў, потым – Уладзімер Арлоў, сын якога Багдан сёньня затрыманы. Падтрымаць нас на вуліцы Менску прыйшлі некалькі сотняў чалавек. З амаль двухмільённага гораду. Але некаторыя калегі-дэпутаты, напрыклад Дземянцей, крычалі – “мала вам далі!”. Але і сярод мінчанаў хапала такіх, хто казаў – “мала вам далі”.

У гэтыя ж дні на плошчу прыходзілі тысячы людзей – тры, чатыры, часам пяць тысяч. Людзі несьлі ежу, цёплую вопратку.. Але ў Менску, нагадаю, два мільёны чалавек. І дзесяткі тысяч праяжджалі па праспэкце ў аўтобусах і аўтамабілях, бачылі мітынгоўцаў... Так, шмат хто сыгналіў у знак падтрымкі, але чаму не далучыліся – вось пытаньне, на якое я ня магу знайсьці адказу...

Але пра лічбы я хацеў бы сказаць наступнае. Так, 400– чалавек, нават чатыры тысячы – гэта мала. Але ў маральным аспэкце гэта ня мае ніякага значэньня. У жніўні 1968-га ў Маскве 7 чалавек пратэставалі супраць уводу савецкіх танкаў у Прагу – з 250-ці мільённага насельніцтва Саюза. Але сьвет пабачыў тады, што ня ўсе згодныя з рашэньнем Крамля. Нас таксама было толькі 19 дэпутатаў, але тое быў знак, што нацыянальныя сымбалі, беларуская мова, дэмакратыя – ёсьць каштоўнасьцямі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла слушна назвала ўдзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы героямі. Унукі АМАПаўцаў будуць чытаць у падручніках пра тых, каго сёньня закідвалі ў машыны. Гэта ў будучым. А сёньня зразумела, што гэтыя некалькі сотняў чалавек уратавалі гонар нацыі, гонар дзесяцімільённага насельніцтва Беларусі ня толькі перад гісторыяй, але і перад ўсясьветнай супольнасьцю – у тым ліку і гонар тых, хто не падтрымаў іх сваім удзелам".
XS
SM
MD
LG