Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад штурмам гарадка пратэстоўцаў правакавалі п''яныя маладзёны


Радыё Свабода Распавядае чалавек, які на заклік пакінуў плошчу перад пачаткам штурму і нейкім чынам апынуўся за міліцэйскім ачапленьнем.

(Спадар: ) "Мы сталі на плошчу, нас вельмі моцна гэтай ноччу правакавалі, было вельмі шмат правакатараў. Угэтую ноч было больш за ўсё людзей. Я быў на плошчы 3 начы, улучна з гэтай, і два дні. То бок – чалавек да 700, недзе так. Было вельмі шмат людзей, шмат намётаў і вялікае кола. Нас гэтай ноччу вельмі турбавалі, хадзіла мноства п''яных, кідаліся на натоўп, выцягвалі з натоўпу людзей, спрабавалі нас справакаваць. Гэта былі п''яныя маладыя людзі. Ім было гадоў можа 18, недзе так. Гэта маглі быць курсанты міліцыі, я ня ведаю. А можа, і БРСМ – яны нам корачак не паказвалі.

Потым выйшла нейкая гурба людзей, паклікала журналістаў і адклікала іх убок. Спэцназ стаў у шэраг, пачалі пад''яжджаць аўтобусы – недзе 3. Прыяжджалі ў вялікіх браніраваных МАЗах, з кратамі на вокнах, зь дзьвярыма. Туды загружалі людзей. Яны вельмі перажывалі, асабліва маладзейшыя. Пачалі хвалявацца за тое, што зь імі будзе далей, тым больш што ў нас у лягеры было некалькі дзяцей – па-мойму, два. Дзеці былі з бацькамі.

Потым пачаліся заклікі да міліцыі, да журналістаў, каб тыя пачалі здымаць усё гэта, што там робіцца. Выйшаў нейкі чалавек, які сказаў: давайце, на працягу 5 хвілінаў разыходзьцеся, іначай мы будзем ужываць сілу. Я вырашыў "разысьціся".

Калі я сыходзіў, мяне спрабавалі запыніць, але ў іх гэта не атрымалася. Напэўна, я адзін адтуль сышоў. У мяне маленькае дзіця дома, жонка сядзела зь ім – у мяне не было іншага выбару, я ўжо паўтара дні быў на плошчы. Якія з нас ужо былі салдаты – ваяваць са спэцназам... Я проста хацеў, каб людзі даведаліся, што адбывалася на гэтай плошчы, таму я і заклікаў, каб людзі разышліся, каб менш было пацярпелых.

Можа, хтосьці палічыць, што я павёў сябе баязьліва, але шчыра кажучы, я ўжо там вельмі стаміўся, зараз спрабую даехаць дамоў з цэнтра, і мяне вельмі турбуе лёс маіх сяброў, якія там засталіся. Мой сябра, які там быў, узяў на працы адпачынак за ўласны кошт наўмысна, каб прыйсьці на плошчу. каб адстойваць там меркаваньне людзей, бо многія людзі, нават мае сябры, адвярнуліся ад нас у гэтай справе, не захацелі – яны як бы за нас, але выйсьці на плошчу ніхто не захацеў".
XS
SM
MD
LG