Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Курапаты і Кастрычніцкая плошча – гістарычныя паралелі


Ганна Соусь, Прага Што аб’ядноўвае доўгатэрміновую абарону Курапатаў і акцыю прыхільнікаў пераменаў на Кастрычніцкай плошчы?

Чатыры з паловай гады таму 8 лістапада 2001 году байцы АМОНу штурмавалі палатачны гарадок ва ўрочышчы Курапаты.

Доўгатэрміновая акцыя, што пачалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, і цяперашняя акцыя прыхільнікаў на Кастрычніцкай плошчы маюць шмат агульных рысаў. Карэспандэнтка "Свабоды" Ганна Соусь, якая цягам васьмі месяцаў асьвятляла хаду доўгатэрміновай акцыі абароны ўрочышча Курапаты, а 8 лістапада ў жывым эфіры паведамляла пра гвалтоўны разгон курапацкага лягеру байцамі спэцназу, згадае тыя падзеі і параўнае дзьве акцыі, якія, безумоўна, застануцца ў найноўшай беларускай гісторыі.

(Соусь: ) "Паміж гэтымі акцыямі можна правесьці шмат паралеляў. І курапацкі чын, і акцыя прыхільнікаў пераменаў на Кастрычніцкай плошчы распачаліся адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў.

Пашыраць кальцавую дарогу на месцы масавых расстрэлаў у Курапатах пачалі ў дзень інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнкі. Першыя намёты паўсталі ў Курапатах не адразу, а толькі ў ноч на 25 верасьня. Як і не ў першы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў на Кастрычніцкай плошчы ўзьнік палатачны гарадок.

І тады, і цяпер асноўнымі ўдзельнікамі акцыі была моладзь.

Адметна, што найбольш актыўных удзельнікаў Курапацкага чыну, якія, безумоўна, ўзялі б удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы, улады загадзя ізалявалі. Я згадаю імёны курапацкіх валанцёраў Паўла Севярынца, Сяржука Высоцкага, Мікіты Сасіма, Яўгена Афнагеля, Вячаслава Сіўчыка, праўда, апошні быў затрыманы літаральна ўчора.

І тады, і цяпер удзельнікам давялося вытрымаць сьцюжу і шэраг пабытовых нязручнасьцяў. Праўда, у вайсковым курапацкім намёце была буржуйка, але там была значна большая працягласьць акцыі – 250 дзён ці больш за 8 месяцаў, і праз курапацкі лягер прайшлі сотні моладзевых актывістаў, як і дарэчы, праз палатачны гарадок на Кастрычніцкай плошчы.

І тады, і цяпер была вялікая падтрымка грамадзкасьці. У курапацкі лягер, як і на Кастрычніцкую плошчу штодня прыходзілі людзі, каб выказаць сваю падтрымку і дапамагчы харчамі і цёплай вопраткай.

Тады, праўда, дзяржаўныя мэдыі замоўчвалі акцыю ў Курапатах, цяпер ж актыўна паліваюць брудам удзельнкаў палатачнага гарадку на Кастрычніцкай плошчы.

Зьвярну ўвагу на тое, што Курапаты знаходзяцца за межамі Менску, і лягер быў па-за ўвагай сусьветных сродкаў масавай інфармацыі, і на момант, калі пачаўся разгон лягеру, там быў толькі дыктафон Радыё Свабода... Таму ўлады ў адсутнасьць тэлекамэр дзейнічалі жорстка.

Пусьцілі бульдозэры на асьвечаныя крыжы, амонаўцы жорстка зьбівалі актывістаў. Мастака Рыгора Кійко кінулі тварам ў бруд і білі. 8 і 9 лістапада 2001 году ў Курапатах былі сотні затрыманых. Амонаўцы дубінкамі павалілі курапацкі намёт. Тады я свой вечаровы рэпартаж нават закончыла фразай накшталт таго, што як і ў 1988 годзе разгон першай акцыі ў Курапатах, так і ў 2001 разгон курапацкага лягеру скончыўся ўжываньнем сьлезацечнага газу.

Я тады памылкова палічыла, што ўсё скончылася, але з раніцы ў Курапатах паўсталі новыя намёты, моладзь на чале з Паўлам Севярынцам і Вячаславам Сіўчыкам зрабілі і ўсталявалі новыя крыжы, і акцыя працягвалася аж да чэрвеня 2002 году. Як мне падаецца, гэты прыклад надае надзеі, прынамсі што да акцыі 25 сакавіка, якая заплянаваная на 12 гадзіну дня на Кастрычніцкай плошчы.

Дарэчы, калі праводзіць паралелі, то сёньня ў эфіры Радыё Свабода гучаў голас Марыюша Машкевіча, які быў затрыманы сёньня пад час разгону акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Увечары 8 лістапада 2001 году (тады ён быў амбасадарам Польшчы ў Беларусі) Марыюш Машкевіч быў у Курапатах і назіраў за разгонам акцыі.

І яшчэ вельмі важнае падабенства. І ў курапацкім лягеры, і на Кастрычніцкай плошчы, і ў 2001 і ў 2006 у намётах валанцёраў былі прымачы, па якіх удзельнікі акцыі слухалі Радыё Свабода, на месцы падзеі заўсёды былі карэспандэнты "Свабоды". І ў Курапатах, і на Кастрычніцкай плошчы заўсёды гучала слова "Свабоды"".
XS
SM
MD
LG