Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыі праваабаронцаў на ліквідацыю намётавага мястэчка


Радыё Свабода Наш карэспандэнт спытаўся, чым праваабаронцы могуць дапамагчы затрыманым і іх сем''ям.

Адказвае Зьміцер Маркушэўскі, прэсавы сакратар Беларускага Хэльсынскага Камітэту:

(Маркушэўскі: ) "У гэтай сытуацыі трэба перш за ўсё не губляць кантакт з затрыманымі, трэба дапамагчы іх сваякам і ім самім не застацца сам-насам з уладамі, якія жорстка і брутальна распраўляюцца зь мірнымі маніфэстантамі. БХК і іншыя праваабарончыя групы Беларусі будуць рабіць усё магчымае, каб аказаць прававую дапамогу затрыманым".

(Карэспандэнт: ) "А ці ёсьць нейкія варыянты матэрыяльнай дапамогі сваякам пацярпелых?"

(Маркушэўскі: ) "Мы будзем спрабаваць дапамагаць, магчыма, перадачамі затрыманым. У нас няма сродкаў, каб пакрыць магчымыя штрафы, якія могуць накласьці на людзей, і мы лічым гэта не дапамогай, а хутчэй падтрымкай рэжыму. Людзі могуць не плаціць штрафы – тады ў іх будуць адлічваць нейкія мізэрныя працэнты з заробкаў. Магчыма, потым БХК ці іншыя праваабарончыя групы нойдуць сродкі, каб потым кампэнсаваць людзям страты".

А вось як ацэньвае захоп намётавага мястэчка і затрыманьне яго жыхароў Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна":

(Бяляцкі: ) "Канечне ж, улады рыхтавалі зачыстку, таму што апошнія камэнтары па БТ, якія ішлі зь вечара, былі скіраваныя якраз для падрыхтоўкі грамадзкай думкі пра магчымасьць і патрэбнасьць ліквідацыі лягера. На самой справе, як мне падаецца, у рэжыму проста ня вытрымалі нэрвы. Кожнага 25-га сакавіка на працягу апошніх гадоў у нас адзначалася затрыманьнямі, і гэтага 25-га сакавіка яны таксама вырашылі не дапусьціць нейкай нармальнай масавай акцыі".

(Карэспандэнт: ) "Ваш прагноз: 25-га ўсё ж такі народ зьбярэцца на плошчу?"

(Бяляцкі: ) "Так, я думаю, людзі прыйдуць на плошчу".
XS
SM
MD
LG