Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міліцыя зрабіла з подступаў да плошчы Бэрмудзкі трохкутнік"


Радыё Свабода Часам здаецца, што спэцслужбы зрабілі з подступаў да Кастрычніцкай плошчы своеасаблівы Бэрмудзкі трохкутнік, дзе зьнікаюць людзі бязь вестак… Па ўчорашніх дадзеных, такіх было пяцьдзесят чалавек. Карэспандэнт Радыё Свабода паспрабаваў даведацца пра лёс аднаго зь іх. Гэты пошук – тыповы.

Увечары 22-га сакавіка зьнік хлопец, Віталь (прозьвішча не называем, каб не хваляваліся бацькі). Ехаў з Магілёва, хацеў падтрымаць сяброў на Кастрычніцкай плошчы. Пры ім быў заплечнік. Тэлефанаваў яшчэ зь цягніку, а ўжо празь дзьве гадзіны ягоны мабільны не адзываўся...

У прэсавай службе гарадзкой управы міліцыі параілі пазваніць у бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў. Тэлефануем.

(Спадарыня: ) “Так, у нас нікога няма… Зараз пагляджу, ці праходзіў ён у нас па хуткай дапамозе. Значыцца, сярод затрыманых ён у нас ня лічыцца. Зь вечара вы яго ня бачылі? Па хуткай дапамозе ён у нас таксама не праходзіў... Давайце мы вас зарэгіструем. Праверым па ўсіх бальніцах. У нас СІЗО, “эспээры” ёсьць (спецпрыёмнікі-размеркавальнікі), бальніцы, моргі. Ну, у нас калі затрымліваюць, кожную гадзіну тэлефануюць… ”

Удакладненьне: так было раней, калі міліцыянты сапраўды паведамлялі пра кожнага затрыманага. Але ў гэтыя дні ўсё па-іншаму...

У бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў запэўнілі: калі зьявіцца інфармацыя пра Віталя, абавязкова патэлефануюць.

У гэты ж час каля спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна Зьміцер Захарэвіч хацеў перадаць прадукты свайму бацьку. Наш карэспандэнт папрасіў яго даведацца пра лёс Віталя.

(Захарэвіч: ) “А прозьвішча можна яшчэ адно ўдакладніць, паступаў такі? Учора зьнік!” 270-91-42, вось кажуць, туды тэлефанаваць. Вось толькі што сказаў ён (супрацоўнік спэцпрыёмніка). У яго няма пакуль сьпісаў. Проста сюды людзей прывозяць, як майго бацьку: прывезьлі, потым вязуць на суд. Калі суд адбыўся, тады ўжо іх заносяць у сьпісы. А так ніякіх дадзеных, нічога. Чалавек зьніклы бязь вестак!”

У дзяжурнай частцы спэцпрыёмніка на Акрэсьціна паведамілі тое, што чуюць родныя дзесяткаў тых хлопцаў і дзяўчат, якія бясьсьледна зьніклі ў раёне Кастрычніцкай плошчы:

(Дзяжурны: ) “Калі яго затрымалі? А, учора ўвечары! Яшчэ не паступіў, павезьлі ў суд яго. На Кастрычніцкай плошчы? Ну дык што, тэлефануйце заўтра з раніцы, мы ўжо дакладна будзем ведаць...”
XS
SM
MD
LG