Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водгукі людзей на падзеі на Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода Перадача "Званок на Свабоду". Падзеі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ўжо колькі дзён запар застаюцца ў цэнтры ўвагі нашых слухачоў. Адны людзі выказваюць сваю падтрымку моладзі з намётавага лягеру, перадаюць ім прывітаньні. Некаторыя крытыкуюць апазыцыю.

(Спадарыня: ) “Я хачу павіншаваць гэтых людзей усіх, якія ў Менску пратэстуюць і хочуць, каб была свабода. Дай Бог ім усім здароўя — гэта людзі прыстойныя. І Мілінкевіч варты чалавек, раз ён гэта ўсё робіць. Дай Бог і яму здароўя, і ўсім ягоным памочнікам! Хто ганьбіць, — дык тым і ганьба. Ганьба Ярмошынай, што яна скруціла выбары, не дала адбыцца выбарам, бо змусіла людзей на працы падпісвацца за Лукашэнку. Людзі, баючыся, падпісваліся. Цяпер супраць усе. Дык і былі супраць”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, дарагая “Свабода”! Тут Зорка Венэра. Я ўжо ня ведаю, плакаць нам ці сьмяяцца. Да якой агоніі дайшоў рэжым, што арыштоўвае, судзіць і пазбаўляе волі чалавека толькі за тое, што ён нясе пры сабе бутэрброды й тэрмас гарбаты. Оруэл адпачывае: сёньня ў Беларусі цёплая вопратка — гэта крымінал. За нашу й вашу волю!”

(Сяржук, Менск: ) “Хачу падзяліцца сваёй думкай: у нас за Мілінкевіча прагаласавала, я так разумею, па Менску тысяч сто, калі ўзяць, напрыклад, тыя ж самыя 6 адсоткаў, якія напісала ўлада. Ну, і дзе гэтыя сто тысяч, дзе наша падтрымка? На вуліцы стаіць 5-10 тысяч, а астатнія ўсе сядзяць па норах”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Перадайце на Кастрычніцкую плошчу тым, хто стаіць там, паклон ад усяго беларускага народу. Іх пакуты ня будуць дарэмныя. Яны першыя, хто супрацьстаяў хлусьні й несправядлівасьці. Усе, хто мае сумленьне, кожную хвіліну зь імі! Мы молімся за іх, ганарымся імі й верым у перамогу! Ня бойцеся: з вамі Бог і будучыня!”

(Спадар: ) “Вы разумееце, што таварыш Мілінкевіч, альбо спадар Мілінкевіч ператвараецца ў злачынцу? Бо вывесьці дзяцей на плошчу, зімой, у мароз, антысанітарыю — гэта злачынства. Хіба ён вывеў сваіх дзяцей туды й прымусіў іх начаваць на той плошчы? І Казулін — тое самае. Гэта —злачынцы, а не кандыдаты на прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Выступаў там нейкі таварыш, які хоча расстрэльваць людзей, што зьбіраюцца сёньня каля Дому афіцэраў. Дык вось хай пачынаюць зь мяне расстрэлы. Я — інвалід другой групы, і мне ўсё роўна паміраць. Хай пачынаюць зь мяне. Я прайшоў два канцлягеры, і мне дзіка слухаць ад гэтага таварыша, што трэба пачынаць расстрэльваць людзей. Напэўна, ён служыў недзе генэралам, як таварыш Новікаў. А мяне ведаюць у Віцебску: я займаюся ўшанаваньнем памяці людзей, якія загінулі. А гэты таварыш хоча толькі крыві. Будзьце шчасьлівыя!”

(Спадарыня: ) “Вітаю цябе, доўгачаканая Свабода! Хочацца моцна падзякаваць тым, хто цяпер знаходзіцца на Кастрычніцкай, і я ім вельмі зайздрошчу, бо асабіста я не магу там быць: я даглядаю свайго маленькага сына й не магу яго пакінуць аднаго. Менавіта цяпер вырашаецца, у якой краіне ён будзе жыць заўтра, таму наш тата знаходзіцца там — мой муж, ягоны бацька. І мы не баімся, мы нічога не баімся. Жыве Беларусь!”

(Ірына Жарнасек, пісьменьніца:) “Хачу зьвярнуцца да бацькоў тых юнакоў і дзяўчат, якія ў гэтыя дні й ночы нясуць нялёгкую вахту свабоды на Кастрычніцкай плошчы ў намётах. Ганарыцеся! Вы выхавалі цудоўных дачок і сыноў! Дзякуй вам за іх. У аўторак з раніцы я была ў Менску, была на Кастрычніцкай плошчы, бачыла, як дрыжаць яны ад холаду, як саграваюць сябе маладым аптымізмам і надзеяй. Яны патрабуюць свабоды, праўды, справядлівасьці. Разам з гэтымі адважнымі дзяўчатамі, юнакамі хацелі быць многія іхныя равесьнікі, а таксама людзі старэйшага веку. Але яны пакуль што яшчэ не перамаглі свайго страху. І ўсё ж не губляйма надзеі. Прыйдзе час, калі мы павіншуем адзін аднаго зь перамогай, бо ў нашай бацькаўшчыне запануе праўда, свабода, справядлівасьць. Дзеля гэтага будзьма сёньня разам з нашымі дзецьмі”.

(Спадар: ) “Я лічу, што разгону гэтага мерапрыемства (дэманстрацыі) на плошчы ня будзе толькі таму, што Масква не дазваляе. А Масква не дазваляе — з прычыны блізкага Саміту, і яны ня хочуць чырванець, што такое адбудзецца. Затое паціху выхопліваюць людзей, употай, па-зладзейску, і садзяць. Такое маё меркаваньне”.

(Спадарыня: ) “Учора на Кастрычніцкай плошчы арыштавалі майго мужа, Рабавога Ўладзіслава. Яму далі 15 сутак. Ён адбывае сваё зьняволеньне на Акрэсьціне. Я ганаруся сваім мужам. Спадзяюся, наш сын будзе ганарыцца сваім бацькам. Нашаму сыну 1 месяц. Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Усе нашы хлопцы й дзяўчаты, які знаходзяцца ў турмах і мерзнуць у намётах, — гэта краса беларускай нацыі. Мы падтрымліваем іх і вельмі імі ганарымся! І хай не турбуюцца добрыя душы, што нашы дзеці знаходзяцца там без харчоў. Мы стараемся ўвесь час ім падносіць і цёплыя рэчы, і прадукты. І гэтыя дзеці — вельмі цудоўныя, яны такія выхаваныя й культурныя. Мы няспынна бываем там — ні слова мата, ніякай лаянкі. Гэта папросту цудоўныя дзеці. Мы ганарымся імі!”

(Спадарыня: ) “Божа міласьлівы! Дай здароўя ўсім, хто цяпер знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы! Дай здароўя Зянону Пазьняку, Мілінкевічу, Казуліну. Наша сям’я ганарыцца імі і ўсім беларускім народам!”

(Барэль: ) “Хачу зьвярнуцца да нашых герояў, якія стаяць на Плошчы, якія змагаюцца за вольную Беларусь. Вялікі вам дзякуй! Я вам кланяюся! Кланяюся тым, хто стаіць за праўду, за свабоду, за Мілінкевіча. Надакучыла гэтая палітыка за 12 год абіраць народ! Я ніколі не прагаласую за Лукашэнку! Не прызнаю гэтых выбараў! Бессаромныя выбары супраць свайго народу!”

(Спадар: ) “Добры дзень! Хачу выказацца. Вось Казулін прыняў рашэньне спыніць акцыю на плошчы: маўляў, нельга падстаўляць маладых людзей. Так, спадар Казулін ня хоча на плошчы начаваць, і яму сорамна, што Мілінкевіч з жонкай там цэлую ноч, а ён дома сьпіць. Сорамна чалавеку, таму ён хоча ўсё спыніць. Можна з гэтага зрабіць высновы, які ён актывіст, гэты Казулін. І яшчэ хачу сказаць: “Есть у революции начало», але ня будзе, бачна, у яе ўжо краю. Бо гэта сапраўды — пачатак. І хай бы Казулін далучыўся, пераначаваў хоць адну ноч. Бо выходзіць, што ўлады не разганяюць, дык ён сам разганяе”.

(Спадарыня: ) “Добры дзень. Я працую сьмяцьцяркай цэнтральных гарадзкіх вуліц і пачула па беларускім тэлебачаньні: паказвалі менскіх сьмецьцяроў, абураных вялікай колькасьцю сьмецьця ў намётавым гарадку. Ня верце гэтаму, дарагія людзі. Мы, сьмецьцяры, ня горшыя за службовых сабак, нацкаваных гэтай уладай. Улада не шкадуе нас, калі ідзе масавая п’янка ў парках на Масьленіцу, калі па два-тры дні сьвяткуюць дні гораду, і мы прыбіраем начамі, атрымліваючы за гадзіну працы ад 0,4 даляра”.

(Спадар: ) “Малая колькасьць людзей на Кастрычніцкай плошчы, што пратэстуюць супраць фальсыфікацыі выбараў й заклікаюць да адстаўкі Лукашэнкі, патлумачваецца страхам. Людзі поўныя страху. Паглядзіце, пратэстоўцы на плошчы ахоплены ланцугом амонаўцаў, як гэта было ў Бэслане, у Чачні, — быццам праводзіцца антытэрарыстычная вайсковая апэрацыя. Улады зрабілі пастку: усіх упускаць і нікога не выпускаць. Гэта фактычная блякада плошчы, блякада ўдзельнікаў пратэсту зьяўляецца парушэньнем Канстытуцыі, бо няма свабоды, а ёсьць стабільны ціск улад і рэпрэсіі”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Я ўжо некалькі разоў гаварыў, каб вашы карэспандэнты не задавалі глупотных пытаньняў грамадзянам. Вось цяпер пытаюць у жыхароў бліжніх дамоў: “Ці перашкаджаюць пратэстоўцы вам спаць?” Канечне, прыхільнікі Лукашэнкі вам скажуць, што так, замінаюць, і іх трэба прыбраць, пасадзіць, расстраляць. У Кіеве гэтак жа начавалі доўга, каля трох месяцаў, ці трохі меней, — і ніхто такіх пытаньняў нікому не задаваў. І нікому яны не заміналі. А тут нейкіх трыста чалавек, і ўсім яны перашкаджаюць. Яны перашкаджаюць самому Лукашэнку й ягоным прыхільнікам. Больш такіх пытаньняў людзям не задавайце”.

(Спадар: ) “Мой вялікі дзякуй маладым людзям, якія змагаюцца на Кастрычніцкай плошчы за будучыню Беларусі. Пры ўладзе Лукашэнкі сумленных выбараў быць ня можа. Адказнасьць нясуць члены камуністычнай партыі Беларусі, якая, па сутнасьці, зьяўляецца кіроўнай. Якім бы ні быў зыход цяперашняга змаганьня за справядлівыя выбары, лічу, што неабходна зьмяніць акцэнты й пачаць фармаваньне нацыянальнага руху. Па праўдзе, у Беларусі дзейная расейская каляніяльная адміністрацыя. У Горадні 35 расейскіх школ, адна польская — ніводнай беларускай, выключна расейскія ПТВ, каледжы, ліцэі, унівэрсытэты. Дайшло да таго, што беларускім пісьменьнікам забаронены доступ ува ўсе навучальныя ўстановы. Хочуць закрыць Саюз пісьменьнікаў. Закрыты беларускамоўныя гурты, газэты, амаль не выпускаюцца беларускія кнігі. Дзяржаўная сымболіка каляніяльная. Гістарычная нацыянальная сымболіка ўтаптана ў бруд. Наперадзе нас чакаюць цяжкія выпрабаваньні. І цяпер трэба рыхтаваць людзей да змаганьня супраць каляніяльнага панаваньня. Беларусы павінны ўзяць уладу ў свае рукі”.

(Спадар: ) “Аляксандар Лукашэнка, выступаючы пасьля першай акцыі пратэсту 19-га сакавіка, сказаў, што нават Бог умяшаўся ў ход гісторыі такім небывалым сьнегападам. Але ў нас у сям’і адбылося інакш учора, 22-га сакавіка. Гавораць, што вуснамі дзіцяці гаворыць сама ісьціна. Вось што сказаў мой шасьцігадовы сын, магчыма, на адказ на такія мэтэаралягічныя згадкі спадара Лукашэнкі: “Лукашэнка — гэта, як зіма, а Мілінкевіч — гэта, як вясна. Бо зіма таксама ня хоча саступаць вясьне, яна трымаецца за сваю ўладу. А вясна ўсё роўна ідзе”.

(Вашкевіч Эдуард Антонавіч: ) “У мяне пытаньне да амбасадара Францыі. Перш, чым капацца ў бруднай бялізьне Беларусі, пакапаліся б яны ў сваёй бялізьне ў Францыі, са сваімі студэнтамі разабраліся. Па-другое, наколькі неахайная нашая апазыцыя: ня можа нават паставіць бія-прыбіральняў для дзяцей, якія мітынгуюць і начуюць там. І трэцяе: боль мой. Маё дзіця прастудзілася ў гэтым намёце — і атрымаў пнэўманію. І я хачу зьвярнуцца ў суд на спадара Мілінкевіча, які заклікае нашых дзяцей начаваць там, а сам там ні разу не начаваў”.

(Спадар: ) “Я ня згодзен з прапановай перайменаваць плошчу Кастрычніцкую ў Менску на плошчу Кастуся Каліноўскага. Дзе, калі не на прыродзе, мусяць ладзіцца канцэрты за савецкую Беларусь? Дзе, калі не на плошчы, мусяць гучаць Інтэрнацыянал ды іншыя бравурныя маршы пралетарыяў? Трэба захаваць галоўную плошчу саветаў і паставіць на ёй усе савецкія помнікі — гэта наша гісторыя. А цяпер усё застаецца тым, хто слухае й дае канцэрты ў цяплічных умовах. Трэба інсцэніраваць гэтыя помнікі й маршы ў дзень Беларускай Народнай Рэспублікі”.

(Спадар: ) “Адна жанчына ў “Званках на Свабоду” сказала, што ня верыць, каб на Беларусі было 83% прыдуркаватых. Я зьбіраў подпісы за вылучэньне кандыдата Аляксандра Мілінкевіча й магу пацьвердзіць, што 83% жыхароў Беларусі сапраўды хворыя на галаву. Многія сьвядома падтрымліваюць акупацыйны рэжым на Беларусі, другія абалванены, і ім патрэбна будзе псыхіятрычная дапамога. І я прашу Госпада Бога вярнуць абалваненым хоць троху розуму”.

(Аляксандар Ганчар, Віньніца: ) “Слухаю вашую службу радыё Свабода. Мне вельмі сорамна за словы Літвіна, нібыта трэба шанаваць права беларусаў. Я ведаю, што абсалютная большасьць прагаласавала супраць Лукашэнкі, і ведаю, што абсалютная большасьць украінцаў за апазыцыю”.

(Спадар: ) “Я не жыву ў Беларусі, але слухаю пастаянна вось гэтыя навіны адтуль. Колькі вы будзеце распальваць натоўп гэтых лайдакоў, анархістаў, афэрыстаў на чале зь Мілінкевічам? Гэта ж маленькі працэнт ад народу. Яны нічога не зрабілі для Беларусі й ня зробяць. Я ведаю меркаваньне людзей, якія там жылі. Параўнайце самі: 80,5 % — гэта само за сябе гаворыць. Вы спачуваеце тым маладым людзям, што сядзяць на плошчы. А тыя хлопцы, якія служаць у праваахоўных органах — у іх таксама ёсьць сем’і, дзеці, і ім, напэўна, таксама хацелася б дома пабыць. І ня трэба ім усё гэта на плошчы. Акрамя таго, яны там сядзяць начамі й чыняць беспарадак, замінаюць людзям навакольным, якія побач жывуць, — шмат жа хто на вытворчасьці працуе, і трэба рана ўставаць. А тут такое творыцца!”

(Спадарыня: ) “Дарагая Свабода! Я тэлефаную зь Нямеччыны. Шмат хто тут раней амаль нічога ня ведаў, што ёсьць такая краіна Беларусь — для іх мы ўсе былі расейцамі. Апошнімі днямі сярод найважнейшых тэм тэлевізійных навінаў перадаюцца навіны зь Менску. Штодня можна прачытаць у газэтах, што адбываецца ў Беларусі. Добра разумею, што ў такой атмасфэры, у якой адбываліся гэтыя выбары, іх нельга назваць выбарамі. Простыя людзі выказваюць сымпатыю й спачуваньне. Мне казалі людзі старэйшага пакаленьня, што такая абстаноўка была ў іх у часы Гітлера: яны слухалі радыёперадачы зь Лёндану пад страхам сьмяротнай кары. Шмат хто разумеў, што такое Гітлер і дыктатура, але нічога ўжо не маглі зрабіць. Я ў захапленьні ад тых, хто на плошчы, але не асуджаю нікога, хто баіцца. Малюся за тых, хто можа пераадолець страх і абставіны й прыйсьці на плошчу. Гэта хвароба, якую нам, беларусам, трэба пераадолець. Павінна адбыцца рэвалюцыя ў сьвядомасьці, барацьба мусіць быць не гвалтоўнай, а такой, якую вёў Ганды ў Індыі за вызваленьне свайго народу, — такою, якая ідзе цяпер на плошчы. Я заклікаю вас маліцца й прасіць у Бога дараваньня й дапамогі”.

(Спадар: ) “Перадайце Лукашэнку: для тых, хто супраць яго, хай паставяць цягнік з вагонамі — і ўсіх туды, а затым накіруюць на выспу: там ім будзе свабода. Гэта Шпанагін зь Нямеччыны, журналіст. Я адпрацаваў з 42-га году. І цяпер я даведаўся, што такое капіталізм, што такое сацыялізм. Тут сапраўдны быў сацыялізм, а цяпер новыя рускія прыехалі — і стала ўсё ў 132 разы даражэй! Усім перадайце гэта, нават Пуціну й Бушу! Грабяць Расею, аграбілі нас! Далей няма куды ўжо рабаваць! Я мог бы шмат сказаць, але лічыльнік лічыць. Я нават на аўтобусе цяпер ня ежджу — пэнсіянэр, 74 гады. Адпрацаваў 53 гады ў Расеі. Усё! Пакуль хопіць”.

(Спадар: ) “Добры дзень, дарагое Радыё Свабода! У мяне вось такая прапанова: улетку ў Піцеры будзе сустракацца сямёрка — сямёрка разьвітых краін, а на ёй будзе прысутнічаць і Пуцін. Трэба быць пасьлядоўнымі, таварышы-панове, і далучыць да гэтай сямёркі яшчэ й дзявятку, дзясятку. Трэба ўзяць туды, у гэтую кампанію, Лукашэнку, вызваліць Хусэйна й усіх такіх таварышаў. Кім Ір Сэна – таксама туды”.

(Барыс Эдуардавіч: ) “Мяне зьдзіўляе адна рэч. У нас ёсьць парлямэнт, ёсьць міліцыя, суды. Але сярод іх не знайшлося ніводнага добрага чалавека, які выказаў бы нешта супраць, каб неяк падтрымаў. Няўжо гэтыя людзі, так званыя слугі народу, настолькі прагнілі ўжо ў сваім гэтым парлямэнце і ў судах?”

(Спадарыня: ) “Дабравольскага я ведаю няшмат. Чалавек у маладосьці трапіў у дэпутаты — вось і надумаў пра сябе як пра такога каштоўнага палітыка, і пачаў муціць. Я чула ягонае інтэрвію для ВВС. Ён жа ж гатовы раздаць краіну па кавалках усім, хто хоча падсілкавацца дармавінкай. А ягонае сяброўства з Барысам Нямцовым, гэтым пустым брахуном, які лезе ва ўсе краіны, пацьвярджае, што Дабравольскі слабак у палітыцы, але вельмі хоча плаваць на паверхні й прабіцца на высокі пост”.

(Яўген Савельеў, Віцебск: ) “Хачу выказаць уражаньні наконт выбараў. На жаль, не магу сказаць дакладна, падтасоўкі гэта, альбо не. Я галасаваў за Казуліна, я галасаваў за праўду, за Беларусь, але супраць Лукашэнкі. Ён мне ня сябра, зразумела, але й Эўразьвяз мне таксама ня сябра, разам з Амэрыкай. Я лічу, што Беларусь павінна быць усё ж такі з Расеяй, бо Расея — гэта нашы браты-славяне. Даруйце, калі ласка, калі нехта са мной ня згодзен”.

(Спадарыня: ) “Скуль вы ўзялі, што Мілінкевіч папулярны палітык? Ён жа ж працуе на ЗША й АБСЭ. Дарослыя людзі гэта разумеюць і пагарджаюць ім. Ну, а падлеткам недасьведчаным далі выпіць, заесьці — вось і стаяць, мерзнуць, калі няма чым думаць. Абурэньне ж бацькоў гэтых падлеткаў выклікае толькі сьмех: якія бацькі, такія ж і дзеткі. І ня трэба звальваць віну на іншых. Добра было б, калі б Бог паслаў мароз мацнейшы й буру на гэтую плошчу”.

(Пэнсіянэр Канстанцінавіч: ) “Зьвяртаюся да прыхільнікаў пераменаў: трэба тэрмінова знайсьці магчымасьць выпусьціць значок у выглядзе блакітнай кветкі радзімы — васілька”.

(Спадар: ) “Не разумею я чыноўнікаў, якія на прадпрыемстве думаюць, што яны з гэтым дыктатарам будуць жыць вечна. Яго, можа, ужо хутка й ня будзе, а вось іх будуць судзіць. Да сумленьня, канечне, я іх не заклікаю, бо яны яго ня маюць, але да адказу прыйдзецца прызваць. Міліцыі дзякуй: яны разумеюць народ. А вось АМОН носіць спэцыяльныя пальчаткі і ў пераходах зьбіваюць нашых дзяцей. Гэта дэмакратыя па-Лукашэнку”.

(Спадар: ) “Дзялюся інфармацыяй: вы не Свабода, але Алькаіда. Ясна?”

(Спадарыня: ) “Нізкі паклон вам, Радыё Свабода, і вашым журналістам за доўгія гады вашай цяжкай працы. Сталіністы, лукашысты звоняць на “Свабоду” — і гэта ваша сьвята, “Свабода”. На лукашэнкаўскае радыё яны пазваніць ня могуць: ім дазволена толькі слухаць і глядзець на свайго ідала, які дрыжыць ад страху й нянавісьці да ўсяго разумнага й беларускага”.

(Віктар Міхалевіч, Менск: ) “Толькі што слухаў рэпартаж Любові Лунёвай, дзе прагучаў сумнеў адносна нашых праваахоўных органаў. Я думаю, што гэта татальна па ўсёй краіне. Наша ўся праваахоўная сыстэма, ахоўвае прэзыдэнта, які даваў клятву на гербе, на сьцягу, давай клятву на два тэрміны — і ўсё парушыў татальна”.

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць, што надакучыла ваша балбатня супраць народу беларускага. Супакойцеся, ня будзьце прыхвасьнямі прадажнымі. Надакучылі! Дайце людзям спакойна жыць! Каго хацелі, — мы выбралі, правільна зрабілі выбар”.

(Спадарыня: ) “19-га сакавіка мы чакалі так, як нашы бацькі й дзяды чакалі 9 траўня 1945 году —– дзень перамогі над фашызмам. Сёньня цемра ахінула нашу радзіму. Прыпеўкі, якія прагучалі на “Свабодзе”, — гэта ваша зброя супраць рэжыму. А сьпявачка — сапраўдны герой Беларусі”.
XS
SM
MD
LG