Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэгіёны: па ўсёй краіне працягваецца хваля арыштаў


Радыё Свабода Па ўсёй краіне працягваюцца затрыманьні грамадзкіх і палітычных актывістаў і суды над імі.

Сёньня ў другой палове дня ў Горадні на 13 сутак арыштавалі прафсаюзнага актывіста Івана Романа – яго абвінавацілі ў “нецэнзурнай лаянцы”. Романа затрымалі раніцаю, калі ён выйшаў ад кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча Анатоля Хацька.

У Магілёве на 7 сутак арышту асуджаны актывіст тамтэйшага Мілінкевічавага штабу Віталь Васількоў. Раніцай ён зьбіраўся ехаць у Менск і паехаў на аўтавакзал. Праз тры гадзіны жонцы Віталя Васількова патэлефанавалі й паведамілі, што муж асуджаны і знаходзіцца ў ізалятары. Таксама ў Магілёве затрыманы сёньня яшчэ адзін прадстаўнік штабу Мілінкевіча Аляксандар Сілкоў.

У Віцебску арыштам на 15 сутак пакараны Аляксей Гаўруцікаў – суд палічыў яго арганізатарам несанкцыянаванай апазыцыйнай акцыі, што прайшла ў Віцебску 20-га сакавіка. 5-суткавым арыштам пакаралі сёньня й аршанскага актывіста Ігара Казьмерчака. Судзьдзя гарадзкога суду прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве. На знак пратэсту супраць арышту Казьмярчак аб’явіў галадоўку.

Васіль Леўчанкаў, кіраўнік аршанскага штабу Аляксандра Мілінкевіча, які сам быў адседзеў быў 7 сутак арышту напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мяркуе, што новая хваля судоў набірае размах напярэдадні 25-га сакавіка, калі многія мясцовыя актывісты мерацца паехаць у Менск.

(Леўчанкаў:) “Я не разумею лёгікі гэтых “пасадак”, увогуле гэта нейкая дурасьць! Запалохаць? Дык вядома, што не запалохаюць. Ну, не прыедуць 25-га лішнія 10 чалавек. А што яны вырашаюць? Арыштавана, да прыкладу, сто, а на плошчы зьбяруцца 40 тысяч, ці хаця б дзесяць тысяч! “Пасадка”, каб нехта не паехаў 25-га ў Менск, нічога не вырашае. Абсалютна”.

Тым часам у Берасьці застаецца за кратамі кіраўнік Берасьцейскага абласнога штабу Мілінкевіча Юрась Губарэвіч – нягледзячы на тое, што сёньня скончыўся пяцідзённы тэрмін яго арышту. Актывісты штабу, якія прыехалі да ізалятару часовага ўтрыманьня Маскоўскага РАУС Берасьця, каб сустрэць Губарэвіча, даведаліся ад міліцыянтаў, што яго ўжо адвезьлі ў аддзел унутраных справаў іншага – Ленінскага – раёну Берасьця. У другой палове дня жонцы Юрася Губарэвіча паведамілі, што яе мужа 24 сакавіка чакае чарговы суд. Якое новае вінавачваньне выстаўлена актывісту выбарчай кампаніі, пакуль што невядома.

У Жодзіне сёньня ўвечары выйшаў на волю пасьля адбыцьця 7-дзённага арышту актывіст моладзевага руху Зьміцер Чарткоў. Як ён паведаміў Радыё Свабода, у ізалятары часовага ўтрыманьня ён трымаў галадоўку пратэсту супраць несправядлівага, на яго думку, пакараньня, вынесенага яму Жодзінскім гарадзкім судом. Суд зьвінаваціў актывіста ў хуліганскіх дзеяньнях, якія нібыта мелі месца зь яго боку. Зьміцер Чарткоў браў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча.
XS
SM
MD
LG