Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада БНР: “Вы – сумленьне Беларусі”


Радыё Свабода, Прага Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла са Зваротам да абаронцаў свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.

“Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае поўную салідарнасьць з пратэстоўцамі на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай плошчы) ў Менску, якія бароняць законнае права народу на свабодныя й справядлівыя выбары.

Факт гэтай абароны – падзея эпахальнага значаньня. Яна з таго ж шэрагу, як Акт 25 Сакавіка 1918 году, якім была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паважаныя суродзічы, тыя, што знаходзяцца або былі на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай плошчы), і тыя, хто духам з Вамі,

Дзякуючы Вам, Беларусь пачала па-новаму глядзець на сябе самую і на сьвет. Вы – ейныя вочы.

Дзякуючы Вам, Беларусь пачала сьмялей заяўляць пра сваё права на свабоду. Вы – ейны голас.

Дзякуючы Вам, Беларусь пачала думаць глыбей пра дабрабыт наступных пакаленьняў. Вы – ейнае сумленьне.

Дзякуючы Вам, пераможаны найбольшы вораг – страх. Вы – мужнасьць Беларусі.

Дарагія суродзічы-абаронцы справядлівасьці! Вы сёньня сталіся ўдзельнікамі й сьведкамі нараджэньня новай грамадзянскай супольнасьці, якая абсалютна неабходная для ўсталяваньня дэмакратычнага ладу. Свабода нараджаецца знутры, у сэрцы кожнага грамадзяніна. Вы – сапраўдныя грамадзяне Рэспублікі. Беларускі народ галасамі мудрых і сьмелых заяўляе пра сваё права вырашаць свой лёс ва ўмовах дэмакратыі. Дэмакратычны сьвет з Вамі. Праўда й справялівасьць перамогуць.

Жыве Беларусь! 23 сакавіка 2006 г."
XS
SM
MD
LG