Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці В.Сіўчыка адпусьцілі пасьля сардэчнага прыступу


Радыё Свабода Маці актывіста Вячаслава Сіўчыка сёньня была затрымана міліцыяй і адпушчаная пасьля таго, як ў яе адбыўся сардэчны прыступ. Галіна Сіўчык абураецца тым, што разам зь ёй міліцыянты схапілі зусім выпадковых людзей.

Галіна Сіўчык па асабістых справах сёньня наведвала музэй Айчыннай вайны, які знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы. З музэю яна накіравалася праз плошчу – побач з намётавым лягерам. Гэтага аказалася дастаткова, каб на рагу праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Энгельса яе затрымалі міліцыянты ў цывільным.

(Галіна Сіўчык: ) “Мяне запхнулі ў аўтобус. Але, акрамя мяне, туды патрапілі два зусім выпадковыя чалавекі, што мяне найбольш засмучае.

Па-першае, Батура, жанчына, яна не апазыцыянэрка, не сябра якой партыі, проста ішла побач.

А яшчэ падышоў хлопчык і спытаўся, у каго магчыма высьветліць лёс маіх сяброў. Хлопчык з Маладэчна, завуць Леанід. Сяброў назваў : Чарных Яўген і другі Грэбянчук ці Грыгарчук. Казаў, яны 19-га зьехалі, бацькі хвалююцца, але ня могуць прыехаць, бо старыя, таму ён дапамагае. Сказаў, што палітыкай не займаецца, ў яго добрая праца, проста шкада сяброў. А паколькі я дала яму тэлефон БХК, "Свабоды", ён, відаць, з-за ветлівасьці, ішоў побач.

Яго таксама схапілі і засунулі ў аўтобус. Там яшчэ сядзелі двое: хлопчык Адзінцоў і дзяўчынка Рабчук, вельмі прыгожыя маладыя людзі.

Яны былі затрыманыя на мосьце каля “Журавінкі” за тое, што ў яго была прымацаваная стужачка бел-чырвона-белая. Яны нічога не несьлі”.

У аўтобусе з Галінай Сіўчык здарыўся сардэчны прыступ і па патрабаваньні маладых людзей ёй выклікалі хуткую дапамогу. Зараз жанчына дома, яна прыняла лекі.

Галіна Сіўчык набралася сілаў і патэлефанавала начальніку Цэнтральнай раённай ўправы міліцыі Менска каб пацьвердзіць, што зь ёй былі затрыманыя выпадковыя людзі. У міліцыі Галіне Сіўчык паведамілі, што спадарыня Батура ужо ў ізалятары на Акрэсьціна. Пра астатніх не паведамілі нічога. Галіна Сіўчык назвала дзеяньні міліцыі “сапраўдным фашызмам”.

Тым часам прыйшлі супярэчлівыя зьвесткі адносна Вячаслава Сіўчыка. Паводле адных крыніцаў ён сышоў з Кастрычніцкай плошчы ў суправаджэньні замежных дыпляматаў. Другія крыніцы кажуць, што Сіўчыка на выхадзе з плошчы нібыта затрымалі. Мабільны тэлефон палітыка не адказвае і месцазнаходжаньне яго не вядомае.
XS
SM
MD
LG