Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Казулін скардзіцца генпракурору на дзеяньні міліцыі на плошчы


Радыё Свабода, Менск Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін накіраваў скаргу генэральнаму пракурору Беларусі Пятру Міклашэвічу. У ёй зьвяртаецца ўвага на неправамерныя дзеяньні міліцыі і іншых сілавых структур, якія акружылі гарадок з намётаў на плошчы.

Спадар Казулін цьвердзіць, што міліцыянты падвяргаюць незаконнаму асабістаму дагляду і агляду рэчаў без афармленьня адпаведных працэсуальных дакумэнтаў.

Спадар Казулін прыводзіць факты, калі грамадзянаў, якія праходзяць на плошчу, затрымліваюць і дастаўляюць у райаддзел міліцыі без афармленьня пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня. Падставай для затрыманьняў людзей зьяўляецца толькі тое, што пры даглядзе ў іх былі знойдзены харчы. Міліцыянты афармляюць пратаколы па надуманых прычынах. Часта затрымліваюць грамадзян, якія проста шпацыруюць уначы ля Кастрычніцкай плошчы.

Спадар Казулін зьвяртае ўвагу, што ў Менску ня ўведзена надзвычайнае становішча і камэнданцкі час, таму “ў дзеяньнях праваахоўных органаў назіраюцца грубейшыя парушэньні правоў чалавека і заканадаўства”.

Кандыдат у прэзыдэнты піша таксама ў скарзе, што затрымана вялікая колькасьць грамадзянаў, і яны адбываюць арышт у нечалавечых умовах.

Апроч таго, родным не паведамляецца пра затрыманьні, таму дагэтуль не ўстаноўлена месцазнаходжаньне многіх затрыманых грамадзянаў. У скарзе генпракурору Аляксандар Казулін падае сьпіс 24 такіх грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG