Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкую плошчу прыяжджаюць людзі з розных гарадоў Беларусі


Радыё Свабода Цягам дня на Кастрычніцкую плошчу прыходзяць людзі, якія прыехалі з розных гарадоў Беларусі, каб падтрымаць удзельнікаў акцыі пратэсту.

(Спадар: ) “Мы прыехалі са Стоўпцаў, бо нам як грамадзянам не абыякавы лёс нашай краіны. Мы прыехалі нават ня дзеля падтрымкі Мілінкевіча, а на знак пратэсту супраць цяперашняга ладу ў краіне. Мы ня згодныя, фактычна, ні з чым: нас прымушаюць жыць па-законам, нас прымушаюць хлусіць”.

(Спадарыня: ) “Нічога не пачуеш па БТ, па радыё. Толькі адно: рэвалюцыя не ўдалася і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы што пра гэта думаеце?”

(Спадарыня: ) “Яшчэ ўсё наперадзе. Відаць, у нашай краіне грамадзтва яшчэ не дасьпела. Я хачу быць тут, быць салідарнай з нашым народам. Тут сабраліся лепшыя людзі — прынамсі, ня горшыя, чым кажуць пра гэта”.

(Спадарыня: ) “Надта сорамна за Ярмошыну. Заканчэньне яе жыцьця, пэўна, будзе вельмі цяжкім, бо давядзецца адказваць за ўсе правіны і грахі”.

(Спадарыня: ) “Я ня буду гаварыць. У нас у вёсцы, у Слуцкім раёне, казалі, што тут бясплатна кормяць і 20 тысяч даюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вядома ў Пінску пра падзеі ў сталіцы, як да гэтага ставяцца?”

(Спадар: ) “Розныя настроі ў людзей: ёсьць кансэрватыўныя, якія ўсё ўспрымаюць у штыкі. Але ёсьць маладыя й сьмелыя, рашучыя, якія гатовыя ісьці да канца”.

(Юнак: ) “Я прыяжджаю з Мар’інай Горкі штодня, каб пабыць з аднадумцамі. Асабліва добра тут ўвечары, калі зьбіраецца шмат людзей, калі адчуваеш, што ты не адзін. І ніякага адзінства грамадзтва, як аказваецца, няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы тут?”

(Спадарыня: ) “Бо лёс радзімы залежыць і ад нас. Сын на працы, прыйсьці ня змог. Набыў печыва, яблыкаў, кажа — схадзі. Я й сама б гэта зрабіла. Бо гэтая моладзь — яна разумнейшая за нас”.

(Спадар: ) “Я магу сказаць толькі вершам: Нельга жыць бяз волі, Бяз волі нельга жыць, Воляю сваёю трэба даражыць, Быдлам быць даволі, Даволі быдлам быць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не паболела імпэту пасьля некалькіх дзён стаяньня?”

(Юначка: ) “Ніколі. Будзем стаяць непарушна, будзем стаяць непахісна, з намі вера й праўда, з намі Божая Маці”.

(Юнак: ) “У Бібліі напісана, што Божыя прынцыпы — вера, надзея, любоў. Сярод іх жыве надзея, а без надзеі цяжка жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG