Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскага актывіста арыштавалі на 13 сутак


Радыё Свабода Сёньня ў другой палове дня прафсаюзнага актывіста Івана Романа пасадзілі на 13 сутак па абвінавачаньні “за нецэнзурную лаянку”. Раніцай ён выйшаў ад кіраўніка абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча Анатоля Хацька і быў адразу затрыманы.

Іван Роман не чакаў затрыманьня, але здолеў паведаміць мне аб здарэньні. Прысуд: 13 сутак арышту. Першы раз спадара Романа затрымлівалі 18 сакавіка ў Менску, даставілі ў лідзкі ізалятар, а праз два дні аштрафавалі па абвінавачаньні “за нэцэнзурную лаянку” на дзьве базавыя адзінкі. Пад пагрозай апынуўся сёньня Анатоль Хацько — давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча.

(Хацько: ) “У мяне каля дому дзяжураць пастаянна два чалавекі, сядзяць у машыне. Блякуюць мяне, напэўна чакаюць моманту, каб я таксама быццам бы пачаў лаяцца нецэнзурна. Сядзяць у машыне, абедаюць, сьнедаюць”.

Анатоль Хацько вымушаны сядзець дома і не выходзіць на вуліцу. Ягоных паплечнікаў, якіх затрымалі напярэдадні выбараў, пасьля заканчэньня арышту арыштоўваюць паўторна. Ім даводзіцца быць вельмі асьцярожнымі.

(Хацько: ) “Мы часам тэлефануем адзін аднаму, але гэта цяпер небясьпечна. Перад 25 сакавіка пайшла чарговая хваля затрыманьня актывістаў, якія займаліся выбарамі”.

Актывісты, якіх затрымалі паўторна, мне гаварылі, што пераканаліся: іхныя тэлефоны ўвесь час праслухоўваюць. Таму цяпер тыя, каго выпускаюць з-за кратаў, амаль заўсёды трымаюць мабільныя тэлефоны адключанымі.

Дарэчы, другая давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча ў Горадні Тадэвуш Гавін таксама адчувае ціск: за домам усталявана назіраньне, яго самога тры дні запар выклікалі да сьледчага, якога цікавіць, хто падпаліў вясковую краму, хаця спадару Гавіну няма чаго сказаць на гэты конт.
XS
SM
MD
LG