Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцаў заклікаюць адзначыць Дзень Волі каля кіно “Беларусь”


Радыё Свабода

Берасьцейскія актывісты штабу Мілінкевіча зьвярнуліся да землякоў. Аўтары звароту заяўляюць, што ня згодныя з абвешчанымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, бо яны прайшлі з грубымі парушэньнямі закону.

Cярод парушэньняў называюць збор подпісаў за дзейнага прэзыдэнта пад прымусам, неўключэньне ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў асноўных палітычных партыяў, вымушанае датэрміновае галасаваньне 30 тысяч берасьцейцаў, бясплатны распаўсюд дзяржаўных газэтаў у паштовыя скрыні з агітацыяй з аднаго з кандыдатаў, зафіксаваныя назіральнікамі факты неадпаведнасьці выбарчага працэсу ў дзень галасаваньня, арышты актыўных прыхільнікаў Мілінкевіча і Казуліна на грунце сьмехатворных абвінавачаньняў напярэдадні выбараў і пасьля іх.

Аўтары звароту лічаць, што пасьля выбараў 19 сакавіка ў Беларусі няма законна абранага кіраўніка дзяржавы.

Прыхільнікі Мілінкевіча зьбіраюцца выйсьці на вуліцы пад лёзунгам: “Ня хочаце лічыць бюлетэні ў скрынях, лічыце людзей на вуліцы!”. Акцыю пратэсту аўтары звароту прызначылі на Дзень Волі, 25 сакавіка, у 18.30 каля берасьцейскага кінатэатру “Беларусь”.

Як стала вядома Радыё Свабода, у некаторых школах гораду сёньня ўжо пабывалі міліцыянты і папярэдзілі падлеткаў, што ўдзел ў акцыі на Дзень Волі будзе мець для іх “сур’ёзныя наступствы”.
XS
SM
MD
LG