Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя асобы зьбілі Віктара Карняенку (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Сьледчыя ўпраўленьня ўнутраных справаў Фрунзенскага раёну Менску распачалі крымінальную справу. Давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча і намесьнік кіраўніка штабу кандыдата лічыць гэта акцыяй, скіраванай на запалохваньне актывістаў.

Віктар Карняенка ў кабінэце сьледчага крымінальнага вышуку Фрунзенскага раёну распавёў “Свабодзе”, што яму патэлефанаваў Аляксандар Казулін і папрасіў сустрэцца. Калі Віктар Карняенка выйшаў зь ліфта, да яго падыйшоў нехта ззаду і ўдарыў палкай па галаве.

(Карняенка: ) “Не, нічога ня скралі. У мяне былі грошы ў кішэні, яны іх не цікавілі. Я выйшаў у восем раніцы, каб пераставіць у іншае месца машыну. Як мне падаецца, выйшлі з-за ліфта, там ёсьць такі закуток, разьвярнулі мяне за плячо… Адзінае, што я добра памятаю, гэта сіняя вязаная шапка і белая палка, хутчэй за ўсё, драўляная, якой я атрымаў па галаве. Страціў прытомнасьць… Ну, немагчыма ж запалохаць. Папросту, што называецца, пашкоджаны фактурны выгляд”.

У 9-м клінічным шпіталі Віктара Карняенку абсьледавалі й паставілі дыягназ — чэрапна-мазгавая траўма. Апазыцыянэр паскардзіўся, што вельмі баліць галава, але ад шпіталізацыі адмовіўся.

За апошнія двое сутак зьбіты дзясяткі апазыцыянэраў. 21 сакавіка байцы спэцназу міліцыі зьдзекаваліся з затрыманага ўкраінскага журналіста ў аўтобусе. 22 сакавіка невядомыя асобы ў цывільным зьбілі студэнтаў у мэтро, калі тыя раніцай, прастаяўшы ноч на Кастрычніцкай плошчы, ішлі на заняткі. Некаторыя зь іх атрымалі сур’ёзныя траўмы. Хлопцы паведамілі “Свабодзе”, што ня будуць зьвяртацца ў міліцыю. Яны ўпэўненыя, што ў выніку толькі займеюць праблемы на вучобе, бо стануць вядомыя іх прозьвішчы.
XS
SM
MD
LG